Водитель РУП ЖКХ Леонид Бондарик на своем экскаваторе обслуживает весь район

Ёсць людзі, як маякі на жыццёвым шляху. Яны саграваюць сваімі промнямі іншых, і каля іх заўсёды надзейна і ўтульна. Іх штодзённая праца служыць на карысць грамадству і людзям, а захапленне робіць жыццё больш змястоўным і карысным.

Леанід нарадзіўся ў вёсцы Сіняўская Слабада. Вучыўся ў Пагарэлкаўскай  школе. Правы вадзіцеля атрымаў у Лідскім ДТСААФ. Пасля службы ў арміі застаўся вадзіцелем у Карэліцкай аўтабазе № 8 і васямнаццаць гадоў адпрацаваў у гэтай арганізацыі.

Затым свой жыццёвы выбар спыніў на Карэліцкім раённым унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Ніколі не было шкадавання: трыццаць гадоў прысвяціў камунальнй службе і прадаўжае самааддана служыць гэтай галіне. Не раз з хваляваннем успамінае сакавіцкі дзень бягучага года, калі яго запрасілі ў сталіцу і міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Андрэй Хмель уручыў яму нагрудны знак «Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі». Сэрца трапятала ад хвалявання, эмоцыі перапаўнялі, быў і гонар за сваю рабочую прафесію.

Работнікі камунальнай службы  абслугоўваюць жыхароў населеных пунктаў раёна. Яны імкнуцца, каб карэліччане былі забяспечаны ўсім неабходным для камфортнага жыцця. Таму іншы раз не лічацца з асабістым часам ці выхадным днём. Галоўнае, каб  функцыянавалі  садкі, школы, медустановы, жылы сектар, і іх карыстальнікі былі задаволены работай камунальнай службы.

Магчыма таму, па меркаванні Леаніда Бандарыка, людзей выпадковых у Карэліцкім РУП ЖКГ няма. Калектыў тут падабраўся згуртаваны, працавіты, дружны. Адзін аднаму дапамагаюць і падтрымліваюць. Невыпадкова штодзённа ідзе на працу з адкрытай душой, уносіць свой уклад у агульную скарбонку. «Мой экскаватар на базе МАЗ-537 абслугоўвае ўвесь наш раён», — з гонарам адзначае камунальнік.

Леанід Бандарык знайшоў сябе не толькі ў працоўнай дзейнасці, але вызначыўся ў жыцці. Пабудаваў дом у Карэлічах, у якім шчасліва жывуць з жонкай Ірынай. Сыны Дзмітрый і Сяргей выбралі свае жыццёвыя дарогі —  працуюць у МНС і на заводзе «МАЗ». Сэрца радуе ўнучка Мілана.

Сям’і Бандарык пашанцавала і на добрых суседзяў. Амаль  адначасова яны пачалі будаваць свае дамы з Аляксандрам Шкадавым, які ўзначальвае Карэліцкі раённы Савет дэпутатаў, і па сённяшні дзень іх сем’і сябруюць, падтрымліваюць адзін аднаго ў жыццёвых сітуацыях.

Леанід Бандарык не змог устрымацца, каб не нагадаць і пра сваё захапленне — летнюю і зімовую рыбалку. Вось і нядаўна былі з сябрамі ў Вілейскім раёне, дзе злавілі трох судакоў вагой па 4 кілаграмы кожны.  «Захапленне, як вядома, збліжае людзей, і мы можам з карысцю правесці  вольны час», — адзначае суразмоўца.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ