50 лет вместе. История любви Валентины и Николая Кергет из деревни Лядки

Валянціна Аляксандраўна і Мікалай Паўлавіч Кергеты з вёскі Лядкі Ярэміцкага сельсавета 50 гадоў крочаць па жыцці разам.

Аднойчы — і на ўсё жыццё

Сяброўства Валянціны і Мікалая завязалася падчас вучобы ў Турэцкай вячэрняй школе, якое неўпрыкметку перарасло ў каханне. Юнак удзяляў дзяўчыне ўвагу, а аднойчы на танцы ў вясковы клуб ён прыйшоў з букетам белых півоняў. Так  і авалодаў сэрцам дзяўчыны.

Служба ў арміі праверыла каханне на трываласць. Дзе б ні даводзілася служыць юнаку, адусюль пасылаў каханай пісьмы і здымкі, і два гады праляцелі хутка.

Пасля службы ў арміі Мікалай паступіў у Жыровіцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі і закончыў яго па спецыяльнасці тэхнік-механік. Валянціна адвучылася ў Мінскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 13, атрымала прафесію швачкі.

Праз год маладыя пажаніліся, а яшчэ праз год на свет з’явілася дачка Наташа. Радасці не было канца, шчасце прыйшло ў маладую сям’ю, і бацькі імкнуліся яго захаваць і прымножыць.

Аснова асноў

Аснову жыцця сям’і Кергет складала і складае праца. На працягу дваццаці васьмі гадоў Валянціна Аляксандраўна працавала ў гандлі — прадаўцом у магазіне «Мэбля» г.п. Карэлічы. Сваю справу яна моцна любіла, бо гэта і зносіны з людзьмі, і магчымасць дапамагчы ім выбраць неабходны тавар для дома. У тыя гады ў магазіне мэбля была ў вялікім асартыменце, хапала розных шпалераў на любы густ. Прадавец свае абавязкі выконвала прафесійна і з пачуццём вялікай адказнасці, за што і была адзначана Ганаровай граматай Карэліцкага райспажыўтаварыства.

Мікалаю Паўлавічу давялося быць механікам па працаёмкіх працэсах, шафёрам, аўтамеханікам па аўтамабілях. Працаваў у калгасах імя Чарняхоўскага, «Сіняўскай Слабадзе», імя Царука.

Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Валянціна Аляксандраўна і Мікалай Паўлавіч стараліся быць карыснымі мясцовай гаспадарцы: жаночыя рукі спатрэбіліся ў паляводстве, а мужчынскія — у жывёлагадоўлі. У вольны час ад асноўнага занятку яны ўвіхаліся каля дому, бо работа ў вёсцы заўсёды знойдзецца.

Дзеці і ўнукі — надзея і апора

«Дом павінен быць цёплым і ўтульным, а прылягаючая тэрыторыя мець належны выгляд», — лічыць Валянціна Аляксандраўна. У сям’і Кергет усё робяць для гэтага. Каля хаты высаджана алея з соснаў і бяроз, летам цвітуць кветкі, тэрыторыя заўсёды абкошана. У доме ёсць гарачая вада, для зручнасці гаспадароў — бытавая тэхніка. Да таго ж, у асабістай гаспадарцы — матаблок, плугі, касілкі.

Галоўнае багацце сям’і — дзеці і ўнукі, яны — надзея і апора. Дачка Наташа закончыла Ярэміцкую сярэднюю школу з сярэбраным медалём і Мінскі інстытут народнай гаспадаркі. Працуе намеснікам начальніка фінансавага аддзела Карэліцкага райвыканкама.

Свой накірунак у жыцці выбраў і сын Павел, які, атрымаўшы адукацыю ў Мінскім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі, уладкаваўся інжынерам на адно са сталічных прадпрыемстваў.

Сваімі сталі ў сям’і Кергет зяць Ігар і нявестка Таццяна. Як гаворыцца, яны цвёрда стаяць у жыцці на нагах, падзяляюць шчаслівыя імгненні і клопаты новай сям’і. Самая найвялікшая радасць — унукі. Маша ўжо працуе ўрачом-рэнтгенолагам у Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы, а Сяргей — у адной з прыватных фірм сталіцы. Саша, якому пайшоў шосты годзік, наведвае дзіцячы садок г. Мінска.

Па-суседску мы жывём

Жыццё ў вёсцы Лядкі ідзе сваёй чарадой. Тут мала пустуючых дамоў, а ў тых, дзе жывуць людзі, наведзены парадак і ў хатах, і ў дварах. І гэта радуе Валянціну Аляксандраўну, як і тое, што пра вяскоўцаў праяўляецца клопат: аўтамагазін прыязджае ў вёску тры разы на тыдзень, і штомесячна дастаўляюць пенсію на дом. «На заслужаным адпачынку добра жыць», — зазначае суразмоўца.

Самай вялікай каштоўнасцю для сям’і Кергет з’яўляюцца аднавяскоўцы, з якімі яны падтрымліваюць сяброўскія адносіны. Гэта Кацярына Іванаўна Чубрык, Марыя Мікалаеўна Бусько, Галіна Мікалаеўна Лынько, Галіна Лявонцьеўна Бусько, Ніна Паўлаўна Калянковіч і іншыя.

«Я імкнуся падзяліцца ўсім, што ў мяне ёсць, з людзьмі. Ці сказаць чалавеку добрае слова, ці пачаставаць чымсьці сваім. Пераканана, што яно вяртаецца чалавеку спаўна ў жыцці», — гаворыць Валянціна Аляксандраўна. І не памыляецца: прайсці з каханым чалавекам па жыццёвым лабірынце праз многія выпрабаванні і не згубіць веру ў людзей, упэўненасць у заўтрашнім дні, простае людское шчасце — гэта трэба заслужыць. Каб і лёс быў літасцівы, і людзі паважалі, і сам чалавек меў асалоду ад жыцця. Няхай усё гэта захаваецца ў сям’і Кергет назаўсёды, і жыццё будзе багатае на добрыя падзеі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Іны ЛЕЙКІ і з архіва герояў публікацыі

1