Как на Кореличчине заботятся о людях с инвалидностью, рассказывает начальник управления по труду, занятости и социальной защите райисполкома Инна Богуш

Дзяржава праяўляе вялікі клопат пра людзей з інваліднасцю не толькі ў святы, але і ў будні. Іх праблемы вырашаюцца на розных узроўнях і рознымі людзьмі. Клапоцяцца пра гэтую катэгорыю грамадзян і на Карэліччыне. Што тут робяць для таго, каб іх жыццё было больш змястоўным, расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Аляксандраўна БОГУШ.

— Іна Аляксандраўна, як вядома, інваліднасць не прыгавор. Трэба  ведаць пра ўсіх людзей гэтай катэгорыі. Колькі іх пражывае ў раёне?

— На 1 лістапада на Карэліччыне жыве 1571 чалавек з інваліднасцю:  першай групы — 294, другой —  845, трэцяй — 373, 59 дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.

— Сярод інвалідаў нямала тых, хто жыве звычайным жыццём. Як для іх арганізавана даступнасць у месцы агульнага грамадскага карыстання?

— У апоші час у раёне гэтаму пытанню надаецца асаблівая ўвага.  Інваліды могуць самі наведваць банкі гарпасёлка, вузел паштовай сувязі, магазіны, райпаліклініку, аптэку — уваход у іх абсталяваны пандусамі і поручнямі.

— Як інваліды забяспечваюцца льготамі?

— Грамадзяне з інваліднасцю рэалізуюць сваё права на дзяржаўныя сацыяльныя льготы, правы і гарантыі на падставе пасведчання інваліда, выдадзенага медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіяй. Інваліды першай і другой груп маюць 90-працэнтную скідку ад кошту лекавых сродкаў, выдаваемых па рэцэптах урачоў і ў межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, а таксама бясплатны выраб і рамонт зубных пратэзаў, бясплатнае ці льготнае забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі згодна з Дзяржаўным рэестрам, першачарговае санаторна-курортнае лячэнне, бясплатны праезд на пэўных відах транспарту, 50-працэнтная скідка за карыстанне жылым памяшканнем і г. д.

Маючым патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы грамадзянам прадастаўляецца матэрыяльная падтрымка ў выглядзе дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі і матэрыяльнай дапамогі з Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. На 24 лістапада 2021 года аказана дапамога на набыццё падгузнікаў 167 чалавекам на суму 206759,5 рубля.

За 10 месяцаў бягучага года ЦСАН выдадзена 102 тэхнічных сродка сацыяльнай рэабілітацыі. Забяспечаны крэсламі-каляскамі 32 інваліда, у тым ліку 17 — інваліднымі каляскамі, якія былі ва ўжыванні.

— Якія паслугі аказваюцца?

— Найбольш запатрабаванай формай сацыяльнага абслугоўвання непрацаздольных грамадзян з’яўляецца аказанне сацыяльных паслуг на даму. Паслугамі сацыяльных работнікаў карыстаюцца 124 інваліда і 19 інвалідам першай групы аказваюцца паслугі сядзелкі.

Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва асобным катэгорыям грамадзян аказваюцца сацыяльна-бытавыя паслугі разавага характару (паслугі пральні, масажу, касьбы траў у вясенне-асенні перыяд). За бягучы год грамадзянам з інваліднасцю аказана 130 паслуг разавага характару, 2 інваліды першай групы, якія не дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, атрымалі паслугі памочніка па суправаджэнні, адзін інвалід другой групы — паслугі асістэнта. Для садзейнічання ў забеспячэнні грамадзян, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, пры Цэнтры функцыянуе салон «Міласэрнасць». Маючыя патрэбу грамадзяне забяспечваюцца адзеннем, абуткам і іншымі прадметамі першай неабходнасці. За перыяд 2021 года дапамогу атрымалі 213 інвалідаў.

— Якая работа ў раёне праводзіцца па забеспячэнні бяспечных умоў пражывання інвалідаў?

— У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Сацыяльная абарона на 2021-2025 гады» з рэзервовага фонду Міністэрста па надзвычайных сітуацыях у 117 домаўладаннях інвалідаў выкананы работы па рамонце пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўка і замена аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, АПА са святло-гукавымі ўстройствамі. Размешчана на медыка-сацыяльныя ложкі, у дом-інтэрнат 12 інвалідаў.

— А як самі інваліды рэалізуюць свае магчымасці?

— Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва на пастаяннай аснове наведваюць 40 інвалідаў. Для развіцця працоўных навыкаў у структуры аддзялення функцыянуе адна працоўная майстэрня, для развіцця творчага патэнцыялу — 9 гурткоў (клубаў) па інтарэсах.

— Іна Аляксандраўна, згадзіцеся, што чалавеку патрэбны чалавек, яго ўвага, клопат, любоў, а людзі з інваліднасцю тым больш маюць патрэбу ў падтрымцы.  Хто тыя нераўнадушныя людзі, якія раздзяляюць з імі будні і дапамагаюць вырашаць хвалюючыя пытанні і ладзіць святы?

— Хочацца адзначыць работу Карэліцкага раённага Таварыства інвалідаў, якое шмат гадоў запар узначальвае сціплы чалавек, але вельмі адказны і вялікай душы, Вера Міхайлаўна Сашко. Яна на працягу шматлікіх гадоў  падтрымлівае людзей з інваліднасцю. Словы ўдзячнасці хочацца адрасаваць і старшыням пярвічак, якія разам з Верай Міхайлаўнай  дапамагалі вырашаць злабадзённыя праблемы інвалідаў. Хочацца таксама ўспомніць Беларускае Таварыства інвалідаў па зроку, якія, нягледзячы на складанае становішча з каранавіруснай інфекцыяй, жывуць актыўным грамадскім жыццём і падтрымліваюць адносіны па тэлефоне, а слова, як вядома, для  іх мае вялікае значэнне.

Словы прызнання адрасую  супрацоўнікам Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна і раённага савета ветэранаў, яны — адна каманда, і ўсе свае намаганні накіроўваюць на задавальненне запытаў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Інвалідам у сваю чаргу хочацца пажадаць, каб сонца заўжды свяціла ў іх акенца.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ