Карэліччане расказваюць, якім быў адыходзячы 2021 год і што чакаюць ад новага года

Уладзімір ГАЛАВАЧ, старшыня СВК «Свіцязянка-2003»:

— Плённым і добрым быў для працаўнікоў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіцязянка-2003» адыходзячы 2021 год. Выкананы прагнозныя паказчыкі, і гэта, безумоўна, радуе. Дасягнуты значныя поспехі ў жывёлагадоўлі: атрымана 10 450 кілаграмаў малака ад  адной каровы. Запушчаны цэх па перапрацоўцы насення рапсу, пабудаваны камбікормавы цэх у аграгарадку Варонча, тры ёмістасці для захавання збожжа на 3000 тон у аграгарадку Райца.

Самае галоўнае  — гэта дабрабыт працаўнікоў нашай гаспадаркі і іх заробак. З пачатку года, за студзень-лістапад, ён склаў 1187 рублёў, а рост — 112,4 працэнта.

Асноўная мэта, якую ставіць працоўны калектыў у 2022 годзе, — гэта павышэнне дабрабыту вяскоўцаў і іх заработнай платы. Хочацца пажадаць усім здароўя, і каб змаглі прадаўжаць працаваць сумленна і радавацца здабыткам дасягнутага. Каб шчасце і радасць назаўсёды пасяліліся ў дамах сельскіх працаўнікоў.

Таццяна СМІРНОВА, спецыяліст па камп’ютарнай апрацоўцы Карэліцкага цэнтра селекцыі і генэтыкі РУСП «Гродзенскае племпрадпрыемства», маці траіх дзяцей, жыхарка вёскі Лясок:

— У нашай сям’і — трое дзяцей. Дачцы Анастасіі — 20 гадоў, працуе ў сталіцы. Сямнаццацігадовы Максім — навучэнец Карэліцкага прафесійна-тэхнічнага будаўнічага ліцэя. Дачцы Машы споўнілася шэсць гадоў, наведвае яслі-сад № 1 райцэнтра. Жывём у бацькоўскім доме ў вёсцы Лясок, ездзім на працу ў райцэнтр.

Сёлета ў нашай сям’і з’явілася магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы за кошт сямейнага капіталу. У канцы верасня пачалі збіраць дакументы на набыццё кватэры ў Карэлічах. Хаця  адзначу, што ў нашым доме ёсць належныя ўмовы: праведзены прыродны газ, маюцца ўсе зручнасці.

Хочацца, каб у будучым годзе родныя і блізкія былі здаровымі, а яшчэ  завяршыць афармленне дакументаў і засяліцца ў новую кватэру.

Надзея ЯНУШ, вучаніца 5 «Б» класа СШ № 2 г.п. Карэлічы, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі:

— 2021 год стаў для мяне плённым і насычаным на яркія падзеі. Не так даўно збылася мая мара: я стала ўладальніцай стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

На аддзяленні выяўленчага мастацтва ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў займаюся трэці год. За гэты час, дзякуючы прафесіяналізму і падтрымцы майго выкладчыка Анастасіі Чычкан, многаму навучылася, даведалася пра новыя тэхнікі ў выяўленчым мастацтве, удасканальвала свае навыкі.

Яшчэ плённым і цікавым вопытам у маёй вучэбнай дзейнасці сталі падрыхтоўка і ўдзел у раённых прадметных алімпіядах. Сваімі вынікамі засталася задаволена: па рускай мове я заняла другое месца, па беларускай — чацвёртае.

Неймаверна шчаслівай падзеяй для ўсёй нашай сям’і ў адыходзячым 2021 годзе стала нараджэнне сястрычкі Марыі, якая кожны дзень радуе нас сваімі маленькімі дасягненнямі.

У надыходзячым годзе ні ў якім разе не збіраюся спыняцца на дасягнутым. Планую шмат працаваць над сабой. Веру, што наперадзе мяне чакаюць новыя поспехі і перамогі. Яшчэ вельмі хочацца, каб новы 2022 год прынёс у кожную сям’ю здароўе і шчасце, мір і дастатак, утульнасць і ўзаемаразуменне.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ