Жители Кореличского района рассказывают, пойдут ли на референдум по новой Конституции

Ці ісці на рэферэндум па новай Канстытуцыі?

Па дадзеных сацыялагічнага даследавання «Беларусь: меркаванне аб будучым» больш за 63% беларусаў плануюць прыняць удзел у рэферэндуме па змяненні Канстытуцыі. Як відаць, беларускае грамадства нераўнадушнае. А ці пойдуць на рэферэндум карэліччане?

Ларыса КАЧАН, выхавальнік групы падоўжанага дня ДУА «Сярэдняя школа № 2 г.п. Карэлічы»:

— Безумоўна, любой дзяржаве патрэбна развівацца ў далейшым накірунку, а для гэтага неабходны змены. Тым больш у Канстытуцыі, якая прымаецца не на адзін год. У першую чаргу, улічваючы пажаданні людзей, прыйсці да  высновы: у якім накірунку рухацца далей. Абавязкова пайду на рэферэндум, каб падтрымаць новыя змены.

Дзяржава заўсёды клапацілася аб грамадзянах. У прыярытэце — сацыяльныя гарантыі, пад абаронай знаходзіцца сям’я. Вось і ў маім выпадку, калі здарылася бяда і не стала мужа, бацькі маёй дачкі, я пачала атрымліваць дапамогу па страце карміцеля.

 

Кацярына УТЛІК, медыцынская сястра ДУА «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы», шмадзетная маці:

— У нашай сям’і падрастае трое дзяцей. Гэта радасць і шчасце бачыць, як яны радуюцца новаму дню. І як бы моцна  мы не любілі сваіх дачок і сыноў, але куды лепш забяспечыць ім дастойнае жыццё, калі адчуваеш клопат дзяржавы, асабліва гэта датычыць шмадзетных сем’яў. Для нашай сям’і існуюць ільготы: дзецям прадастаўлена бясплатнае харчаванне ў сярэдняй школе і наведванне музычнай, маю дадатковы выхадны ад работы дзень,  атрымалі дапамогу пры будаўніцтве кватэры, штогод маем дапамогу да падрыхтоўкі дзяцей да новага навучальнага года.

Я заўсёды буду падтрымліваць накірункі дзяржавы, якая клапоціцца аб сваіх грамадзянах. Змены ў грамадстве ўжо адбываюцца, і патрэбна  прыняць правільнае рашэнне. Канстытуцыя ў гэтым можа дапамагчы,  яна дае нам гарантыі. Мы можам працаваць, мацаваць дабрабыт сям’і, выхоўваць дзяцей. Не трэба быць у баку ад тых падзей, якія адбываюцца ў краіне. Я пайду на рэферэндум, каб мой голас быў  улічаны.

Алена КЛАЎСУЦЬ, намеснік старшыні СВК «Свіцязянка-2003» па ідэалагічнай рабоце:

— СВК «Свіцязянка-2003» добра вядомы не толькі ў нашым раёне, але і  за яго межамі. Славіцца наша гаспадарка дасягненнямі і працавітымі людзьмі. Працаўнікі атрымліваюць дастойны заробак. Маецца і належная інфраструктура: школа, садок, ФАП, магазіны.

Існуюць ільготы для маладых спецыялістаў: яны атрымліваюць выплаты пры ўладкаванні на работу, ім прадастаўляецца інтэрнат, пасля двухгадовай адпрацоўкі ў гаспадарцы пры заключэнні дагавора на пяць гадоў могуць скарыстацца займам у 200 базавых велічынь. Маладым сем’ям прадастаўляецца новае жыллё.

Што датычыць Канстытуцыі, то лічу, што ў ёй неабходны змены. Трэба ісці ў нагу з часам:  мы атрымліваем шмат інфармацыі, і людзі сталі па-іншаму ўспрымаць навакольны свет. Вось у новай Канстытуцыі і павінны быць улічаны змены ў грамадстве, ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, на працы і г. д.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА