Свята нацыянальных культур у Цырынскай сярэдняй школе сабрала прадстаўнікоў розных народнасцей

2021 год прайшоў у Беларусі  пад знакам народнага адзінства. З гэтай нагоды ва ўстанове адукацыі прайшоў шэраг запамінальных мерапрыемстваў.

Пад час правядзення тэматычных класных гадзін  «Сіла Беларусі ў адзінстве народа!» вучні 1-4 класаў разважалі над паняццямі «род», «народ» праз чытанне вершаў беларускіх паэтаў. Прынялі актыўны ўдзел у віктарыне «Сімвалы Рэспублікі Беларусь». Настаўнік  Мулярчык Т. К. засяродзіла ўвагу вучняў на тым, што зберагчы і павялічыць нашы поспехі мы зможам толькі ў тым выпадку, калі будзем адзінай сям’ёй.   Для вучняў 5-10 класаў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Карзан І. Г. арганізаваў і правёў квэст-круіз “Беларусь – краіна адзінства”. Прапанаваў вучням растлумачыць паняцці «патрыятызм», «народныя каштоўнасці», «згуртаванасць грамадства». Затым рабяты выконвалі цікавыя заданні з дапамогай QR-кодаў пра сімвалы Беларусі, даведаліся пра культурнае і эканамічнае развіццё кожнай вобласці. Эрудыт-разведка дапамагла вучням апісаць вядомыя цікавыя аб’екты горада Мінска.

Мы прынялі ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Я ганаруся, што я грамадзянін сваёй краіны». Вучні 1-3 класаў разам з настаўнікам   Лазарчык Г. І.  майстравалі вырабы ў творчай майстэрні «Беларускі сувенір». Для вучняў 10 класа арганізаваны віртуальныя экскурсіі па дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» і   «Брэсцкая крэпасць-герой» (да 50-годдзя адкрыцця мемарыялу),  5, 7 класаў — па Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь,  9 класа —  па музеі М. Шагала ў Віцебску.

Асабліва запамінальнымі сталі справы, арганізаваныя кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Карзаном І. Г. Гэта гульня-падарожжа «На віртуальным цягніку — па Рэспубліцы Беларусь», у якой вучні ўдзельнічалі ў конкурсах на кожным этапе падарожжа: «Наша марка», «Здагадайся па фрагменце», «Спяваем разам», «Голас прыроды», «Што да чаго?». Вучні 8-9 класаў даведаліся пра асаблівасці розных рэгіёнаў рэспублікі, вызначалі значымыя архітэктурныя, культурныя аб’екты, прамысловыя прадпрыемствы. У час правядзення лекторыя, прымеркаванага да дня ўтварэння Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, для нас было адкрыццём, колькі рознай інфармацыі мы можам знайсці ў гэтым цэнтры.

У снежні ў нас адбылося  свята нацыянальных культур “Мы разам, і ў гэтым наша сіла”. Да яго вучні рыхтаваліся загадзя: збіралі матэрыял пра культуру, традыцыі прадстаўнікоў  розных нацыянальнасцей, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі: беларусаў, рускіх, палякаў, украінцаў, яўрэяў, татар, армян. Кожны клас у творчай форме прадстаўляў  выбраную нацыянальнасць.

Гледачы ўбачылі ў выкананні вучняў  пачатковых класаў  беларускі народны танец «Бульба», рускі народны танец “Во поле берёза стояла”. Вучні 6 класа, расказваючы пра татар, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, прадэманстравалі стравы з татарскай кухні.  Цікава і творча прадстаўлены ўкраінцы вучнямі 9 класа: тут мы змаглі  пачуць гаворку на ўкраінскай мове. Вялікую цікавасць выклікала ў гледачоў творчая прэзентацыя вучняў 8 класа пра традыцыі і культуру яўрэяў.

Самае галоўнае, аб чым гаварылі вучні, прадстаўляючы  жыхароў краіны, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, —  нас усіх аб’ядноўвае гістарычная памяць, талерантнасць. Мы асэнсоўваем сябе як адзінае цэлае. Паняцце «народ» можна параўноўваць з «сям’ёй». А ў сям’і няма месца  абыякавасці. Мы лічым, што сёння чалавекалюбства і добразычлівасць не павінны пакідаць нашы сэрцы. Бо народнае адзінства — гэта гісторыя пра давер і павагу,  адкрытасць і сумленнасць, разуменне і падтрымку. Гэтыя якасці заўсёды былі галоўнымі для беларусаў, такімі і павінны заставацца.

Таццяна ШЫЛКО,

вучаніца 9 класа