На пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта разгледжаны пытанні пажарнай бяспекі і зваротаў грамадзян

На пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта разгледжаны пытанні, якія датычацца пажарнай бяспекі і зваротаў грамадзян. Адзначана, што за мінулы год колькасць пажараў і ахвяр агню павялічылася, а колькасць зваротаў знізілася.

Начальнік Карэліцкага РАНС Дзяніс Стадольнік расказаў, што ў 2021 годзе ў раёне адбылося 40 пажараў, што на 14 надзвычайных здарэнняў больш, чым у 2020 годзе. Самая частая прычына пажараў — неасцярожнае абыходжанне з агнём, прычым у 52% выпадкаў пры курэнні.

І нават сумная статыстыка смерцяў на пажарах ад «п’янай» цыгарэты не спыняе аматараў пакурыць у ложку пад шафэ. Таксама пажары здараліся з-за перакалу печы, размяшчэння гаручых матэрыялаў каля печы, якая топіцца, і загарання сажы ў коміне. Гарэлі дамы і з-за кароткага замыкання электраабсталявання.

Летась у раёне ў агні загінулі пяць чалавек, чацвёра з якіх пры курэнні ў нецвярозым стане. Менавіта катэгорыя асацыяльных грамадзян і знаходзіцца на асаблівым кантролі праваахоўнага і пажарнага ведамстваў. Як правіла, на іх не дзейнічаюць ні ўгаворы, ні штрафы, адзінае выйсце — ізаляцыя ў лячэбна-працоўныя

прафілакторыі. Летась на прымусовае лячэнне ад алкагалізму адпраўлена 27 чалавек, у бягучым – чатыры.

Назіральныя камісіі абследавалі ўсе домаўладанні з пячным ацяпленнем, у тым ліку 2621 домаўладанне катэгарыраваных груп грамадзян. У 147 дамах адрамантаваны печы, у 89 — электраправодка, устаноўлена 246 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. На гэтыя мэты зрасходавана 10 тысяч рублёў.

— У 2021 годзе ў Карэліцкі райвыканкам паступіла 190 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, што на тры звароты менш, чым у 2020 годзе, — адзначыла загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Наталля Высоцкая. — Найбольш актуальнымі для грамадзян застаюцца пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонту і добраўпарадкавання дарог і вуліц, жылля, паляпшэння жыллёвых умоў.

Гэтыя пытанні знаходзяцца на кантролі кіраўніцтва Карэліцкага райвыканкама. Для іх вырашэння прымаюцца неабходныя меры. Так, камунгасам завершаны капітальны рамонт жылога дома № 1 па вул. Прытыцкага ў г.п. Карэлічы, дамоў 6а і 6б па вул. Гагарына ў райцэнтры. Добраўпарадкавана дваровая тэрыторыя па вул. Камсамольскай. У аграгарадку Лукі заасфальтавана вуліца Юбілейная. У аграгарадку Ярэмічы ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання. На працягу 2021 года ў раёне праведзены рамонт 20 км мясцовых дарог і вуліц сельскіх населеных пунктаў.

На працягу мінулага года сем’і, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, маладыя спецыялісты, якія прыбылі па размеркаванні, дзеці-сіроты атрымалі жыллё ў інтэрнатах. 11 сем’ям прадаставілі арэнднае жыллё ў г.п. Карэлічы і Мір, агр. Вялікія Жухавічы. 23 шматдзетныя сем’і пабудавалі і набылі жыллё з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу. 6 сем’яў, з якіх 5 — шматдзетныя, атрымалі субсідыі на будаўніцтва і рэканструкцыю жылых памяшканняў. Яшчэ тры сям’і скарысталіся льготнымі крэдытамі на капітальны рамонт жылля. 34 сем’ям прадастаўлена кампенсацыя часткі расходаў на правядзенне работ па электразабеспячэнні жылля.

Па суботах кіраўніцтвам райвыканкама праводзяцца «прамыя лініі». У мінулым годзе на іх паступіла 49 зваротаў, з якіх 45 працэнтаў задаволена, на 45 працэнтаў дадзены тлумачэнні, 8 працэнтаў знаходзяцца на кантролі.

На працягу мінулага года кіраўніцтвам райвыканкама праведзена 88 прыёмаў у выканкаме, куды звярнуліся 35 чалавек, а таксама 23 выязныя прыёмы грамадзян, падчас якіх зарэгістраваны 23 звароты.

На працягу 2021 года ў службу «адно акно”, размешчаную ў будынку райвыканкама, паступіла 1714 заяў аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур (у 2020 г. — 1223), выканана 878 запытаў (у 2020 г. — 596).

Іна ЛЕЙКА