Рэдакцыя газеты “Полымя” падтрымала праект “Бацькаўшчына” і прапануе чытачам даведацца пра гістарычную спадчыну Карэліччыны

Народ, які не ведае свайго мінулага, не мае будучыні. Менавіта гэтыя словы можна назваць лейтматывам сумеснага гісторыка-культурнага праекта Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і лаўрэата прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава. Праект “Бацькаўшчына” заснаваны на аўтарскай калекцыі паштовак і фатаграфій канца XIX – пачатку XX стагоддзя, якія нагадваюць нам пра багатае мінулае нашай краіны.

Рэдакцыя газеты “Полымя” падтрымала праект і прапануе чытачам даведацца пра гістарычную спадчыну Карэліччыны. На працягу года на старонках нашай газеты вы ўбачыце, як мяняліся населеныя пункты раёна, пазнаёміцеся са знакавымі архітэктурнымі аб’ектамі. Увага будзе ўдзелена не толькі райцэнтру, але і зусім невялікім населеным пунктам. Так што чытачоў чакае нямала цікавага.

Цэнтральная плошча

Месцазнаходжанне цэнтральнай плошчы на працягу гісторыі не мянялася. У сярэдзіне XVII стагоддзя Рыначная плошча была асноўнай славутасцю мястэчка. Тут стаяла карчма, шынок і дваццаць двароў па перыметры.

Знаходзяцца сведчанні, што ў XVIII стагоддзі гандлёвую плошчу Карэліч упрыгожвала драўляная ратуша. Пра гэта згадваецца і ў інвентары 1757 года. Ратушы будаваліся на пляцах толькі тых гарадоў, якія валодалі правам на самакіраванне. Гэта дае падставу меркаваць, што Карэлічы яго таксама мелі. Хаця ў архіўных дакументах аб гэтым звестак пакуль не выяўлена.

Карэліцкая ратуша займала адзін пакой, з двух бакоў да яе прымыкалі гандлёвыя лаўкі — па чатырнаццаць з кожнага боку. У ратушу вялі дзве брамы, якія стваралі скразны праход па цэнтры будынка. З усіх бакоў яе абкружалі прылаўкі. Цяпер побач з плошчай можна ўбачыць радавую забудову пачатку ХХ стагоддзя.