У аграгарадку Турэц на ўчасткак для галасавання № 17 ідуць ветэраны працы і моладзь

На ўчастку для галасавання № 17 у аграгарадку Турэц шматлюдна. Тут людзі рознага ўзросту, якія вырашылі прагаласаваць датэрмінова. Яны ў добрым настроі і лічаць гэта сваім грамадзянскім абавязкам. Ахвотна адгукаюцца і на прапанову падзяліцца думкамі з нагоды рэферэндуму і выказаць свае адносіны да жыцця.

Анатолій ПАЛУЯН,

ветэран працы, жыхар вёскі Некрашэвічы:

— Правядзенне рэферэндуму лічу своечасовым і правільным у Беларусі. Ён неабходны, каб краіна развівалася далей. Згодны са зменамі і дапаўненнямі ў новай Канстытуцыі.

Я падтрымліваю палітыку Прэзідэнта і лічу, што Беларусь ідзе правільным курсам. Я адпрацаваў на зямлі ўсё свядомае жыццё, маю 61 год працоўнага стажу, 47 гадоў быў загадчыкам вытворчага ўчастка. Лічу, што асноўнае — зямля, яна корміць людзей. Толькі трэба шмат працаваць, каб зямля спаўна аддзячыла і каб мець добрыя вынікі. У маім выпадку старанную працу заўважылі: узнагароджаны медалём «За працоўную адзнаку» і Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Юлія БАРТОШ,

малады спецыяліст КУСП «Чарняхоўскі-Агра»:

— Я прыйшла на ўчастак для галасавання для таго, каб выканаць свой абавязак як грамадзянін Рэспублікі Беларусь. У гаспадарцы працую першы год. Мяне тут прынялі вельмі добра. Пастаянна адчуваю падтрымку намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алены Анатольеўны Макар і ўсяго калектыву. Вяду актыўны лад жыцця, прымаю ўдзел у праводзімых мерапрыемствах. Я родам з Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, але на Карэліччыне адчуваю сябе сваёй. Мне тут утульна, жыву ў інтэрнаце для маладых спецыялістаў. Хочацца, каб маё жыццё было ў далейшым такім жа насычаным і цікавым. Усім жадаю здароўя і міру.

Сям’я Наталіі і Юрыя ДЗЕМЯНОВІЧАЎ,

аграгарадок Турэц:

— На рэферэндум прыйшлі ўсёй сям’ёй для таго, каб аддаць свой голас за будучае нашай краіны. Каб нашы дзеці раслі ў міры, згодзе, ладзе, якія пануюць у Беларусі. Хочам і астатніх заклікаць прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, каб аддаць свой голас.

Я — мясцовая. Нарадзілася на гэтай зямлі, вучылася і скончыла Турэцкую сярэднюю школу. Пасля ВНУ прыехала працаваць настаўніцай пачатковых класаў. Тут знайшла і сваё шчасце, стварыла сям’ю. Муж таксама закончыў гэтую школу. Хочацца пажадаць усім мірнага неба і шчаслівай будучыні для сваіх дзяцей.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ