20 сакавіка — Міжнародны дзень шчасця. У чым карэліччане бачаць сваё шчасце?

20 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень шчасця. Мы пацікавіліся ў жыхароў Карэліччыны, у чым яны бачаць сваё шчасце.

Наталля ДУБКОВА,

дырэктар КУСП «Чарняхоўскі-Агра», маці траіх дзяцей:

— У сям’і. У любові і падтрымцы мужа Андрэя Міхайлавіча і ззянні вачэй дачок Дар’і, Марыі, Маргарыты. Пасля напружанага працоўнага дня вяртаюся вечарам дамоў — і ўсю дзённую стому як рукой здымае. Родныя людзі — мая апора і надзея, дзеля іх жыву, працую, будую планы на будучае. Ладзяцца ў іх справы — хораша і лагодна ў мяне на душы.

Шчасце — гэта мір і спакой у доме, блакітнае неба над галавой у роднай Беларусі. Будзе ўсё гэта — будзе заўтра ў нашых дзяцей. Яны знойдуць свае жыццёвыя сцяжынкі і будуць працаваць на карысць Айчыны, а мацярынскае сэрца будзе радавацца за дзяцей — іх мары збыліся.

 

Ірэна БЯЛЯК,

настаўнік харэаграфіі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў, жыхарка г.п. Карэлічы:

— Сваё шчасце знайшла ў працы. Я настаўнік вышэйшай катэгорыі, і калі б пачаць жыццё спачатку, пайшла бы тым жа шляхам. Як чалавек мастацтва з 1977 года служу абранай прафесіі, восьмы год прадаўжаю працаваць на пенсіі.

Я люблю дзяцей і імкнуся развіваць у іх таленты. Вялікі гонар ахоплівае, калі яны выступаюць на раённай сцэне, прымаюць удзел у розных святах, творчых конкурсах. Атрымліваецца, што мае старанні аказаліся не дарэмнымі — яны нясуць настрой людзям і радуюць іх сэрцы. А яшчэ радуе тое, што мае былыя выхаванцы прадаўжаюць маю справу — вучаць дзяцей танцаваць.

Вядучая рубрыкі Галіна СМАЛЯНКА

Фота з архіва газеты «Полымя»