5 падзей тыдня вачыма намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгена Чычкана

  1. Беларусь — міратворчая пляцоўка.

Беларусі ўдалося арганізаваць перагаворы паміж Украінай і Расіяй, нягледзячы на тое, што многія палітыкі і эксперты не лічылі гэта магчымым. Гэта ўдалося рэалізаваць у многім дзякуючы аўтарытэту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Нам, беларусам, варта з асцярожнасцю ставіцца да навін на рознага роду інтэрнэт-рэсурсах, часта яны з’яўляюцца лжывымі. Трэба давяраць афіцыйным крыніцам інфармацыі.

  1. Нарада Прэзідэнта з кіраўніцтвам Міністэрства абароны.

10 сакавіка Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў з ваеннымі важнейшыя пытанні забеспячэння ваеннай бяспекі краіны. Самае галоўнае зараз — кантраляваць сітуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы, не дапусціць правакацый з украінскага боку. Прэзідэнт даручыў праявіць асаблівы клопат пра ўкраінскіх бежанцаў, якія ідуць у Беларусь. Наша краіна не аднойчы даказала сваю міласэрнасць і гатоўнасць дапамагаць тым, хто аказаўся ў бядзе.

  1. Адхіленне Беларусі і Расіі ад Паралімпіяды.

Адхіленне беларускіх і расійскіх спартсменаў ад удзелу ў XIII зімовых Паралімпійскіх гульнях у Пекіне парушае ўсе алімпійскія законы і прынцыпы. Спорт павінен аб’ядноўваць, а не раздзяляць народы, ён па-за палітыкай.

  1. Наша «серабро» на «Залатым коласе».

Карэліцкія валейбалісткі другі год запар становяцца сярэбранымі прызёрамі абласных спаборніцтваў «Залаты колас». Гэта адбылося напярэдадні свята 8 Сакавіка, што яшчэ раз даказвае: жанчыны зусім не слабы пол. У наступным годзе жадаю нашым дзяўчатам заваяваць залатыя медалі, а ўсім карэліччанкам — міру, кахання і дабрабыту.

  1. Сухапал у Новых Руткавічах.

9 сакавіка ў вёсцы Новыя Руткавічы выгарэла каля 2 гектараў сухой травы. Пажар удалося хутка лакалізаваць, аднак узнікла пагроза 18 дамам і гаспадарчым пабудовам, якія стаяць побач.

У гэты ж дзень у Іўеўскім раёне ахвярай сухапала стала 81-гадовая пенсіянерка, якая паліла траву.

Памятайце: выпальваць сухую траву на корані строга забаронена, гэта нясе незваротныя наступствы, а штрафы дасягаюць 40 базавых велічынь.