Ордэнам Маці ўзнагароджана шматдзетная маці Святлана Міхайлаўна Стацэвіч з вёскі Вялікая Слабада Турэцкага сельсавета

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна ўручаны ордэн Маці шматдзетнай маці з вёскі Вялікая Слабада Турэцкага сельсавета Святлане Міхайлаўне Стацэвіч.

Дырэктар Цэнтра Інэса Сямібратава адзначыла, што ўрачыстасць праходзіць у знамянальны дзень — Дзень Канстытуцыі, у якой адлюстраваны клопат пра сям’ю і дзяцей.
Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан, ведучы гаворку аб ролі і адказнасці жанчыны ў выхаванні дзяцей, уручыў ордэн Маці і пажадаў насіць яго з гонарам. Нагадаў пра тое, што ў нашым раёне стала традыцыяй ушаноўваць шматдзетных маці, а сёлета 25-ы юбілейны ордэн атрымлівае Святлане Стацэвіч.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш адзначыла, што Святлана Міхайлаўна таксама са шматдзетнай сям’і, і стаць мамай пяці дзяцей — гэта яе абдуманы крок. Пажадала, каб дзеці пастаянна радавалі бацькоў, а ў сям’і падтрымлівалі і прымнажалі добрыя традыцыі. З боку дзяржавы пра шмадзетныя сем’і праяўляецца пастаянны клопат — аказваюцца адрасная і дзяржаўная дапамогі, назначаецца сямейны капітал.

«Сям’я — самае каштоўнае, што ёсць у жыцці чалавека, — сказала галоўны спецыяліст аддзела ЗАГС Карэліцкага райвыканкама Валянціна Вішнеўская.— Наша дзяржава стаіць на абароне правоў і інтарэсаў сваіх грамадзян. Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб’ядноўвае ўсіх грамадзян сваёй краіны, усіх, хто па-сапраўднаму цэніць такія паняцці, як патрыятызм і грамадзянская адказнасць за сваю Радзіму.» Яна павіншавала Святлану Міхайлаўну з заслужанай узнагародай і ўручыла вокладку на пасведчанне аб нараджэнні з адлюстраваннем Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь. Пажадала, каб кожны з нас адчуваў сябе паўнапраўным грамадзянінам сваёй краіны.

Ад імя калег па працы павіншавала Святлану Стацэвіч з узнагародай і старшыня прафкама Карэліцкага УКП БАН Іна Вайцешык і пажадала поспехаў, мірнага неба, шчасця ў дзецях.

Журналіст гутарыць са Святланай Стацэвіч.

— Што для Вас быць маці?

— Дзеці — вялікае шчасце і сэнс жыцця. Для іх жывеш, працуеш, стараешся. Марыш, каб у іх было ўсё добра.

— На якіх прынцыпах выхоўваеце дзяцей?

— На павазе да працы. У нас вялікая асабістая гаспадарка, і спраўляцца з ёю дапамагаюць дзеці, як і па дому. Хочацца, каб у будучым яны выраслі працавітымі і добрымі людзьмі.

— Вы марылі пра шматдзетную сям’ю?

— У нашай сям’і нас было трое. Мы з мужам Мікалаем рашылі: калі нараджаюцца дзеці — гэта шчасце.

— Як жывецца ў вёсцы, у якой прысутнічае не ўся інфраструктура? Вы выбралі цішыню і спакой?

— Мне ў Вялікай Слабадзе падабаецца. Сапраўды, тут ціха і спакойна, свежае паветра. Галоўнае — для дзяцей добра.

— Хто з’яўляецца апорай у сям’і?

— Муж Мікалай — галоўная апора. Добрым памочнікам у справах з’яўляецца сын Аляксей, які дапамагае па дому і прыглядае за дзецьмі.

— Што дапамагае ў складанай жыццёвай сітуацыі?

— Я хаджу ў мясцовую царкву ў Вялікай Слабадзе. Гэта дае сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, на душы становіцца спакойна і лагодна.

— У Вас ёсць мара?

— Мая мара, каб дзеці выраслі сапраўднымі людзьмі і знайшлі сябе ў жыцці. Каб яны былі здаровымі і жылі пад мірным небам.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі САКАЛЯНСКАЙ