Люди, традиции и события — все это связывает Кореличи с городом-побратимом Красногорском

Штогод 2 красавіка мы адзначаем Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Менавіта ў гэты дзень у 1996 годзе ў Маскве быў падпісаны Дагавор «Аб стварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі», а роўна праз год, 2 красавіка 1997 года, быў падпісаны Дагавор «Аб Саюзе Беларусі і Расіі». Гэта дало імпульс працэсу вельмі цеснай інтэграцыі дзвюх дзяржаў. Беларусь і Расія істотна прасунуліся ў фарміраванні адзінай эканамічнай прасторы, забеспячэнні роўнасці правоў грамадзян нашых краін.

Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Ігар Лазарэвіч адзначае:

– Знешнегандлёвы абарот раёна з Расійскай Федэрацыяй за 2021 год склаў 1,9 мільёна долараў і ўзрос у параўнанні з 2020 годам у 2,7 раза. У тым ліку на экспарт пастаўлена прадукцыі на 1,622 мільёна долараў, імпартавана на 277 тысяч долараў. Такім чынам, станоўчае сальда ў знешнеэканамічным гандлі з Расійскай Федэрацыяй склала 1,345 мільёна долараў. Расійская Федэрацыя з’яўляецца другім па аб’ёме экспартных аперацый партнёрам Карэліцкага раёна пасля Казахстана. Удзельная вага Расіі ў нашым знешнім гандлі складае 32%. Прадукцыю на экспарт пастаўляюць два суб’екты гаспадарання Карэліцкага раёна: ААТ «Карэлічы-лён» (ільновалакно) і ТАА «НВП Ніка» (бульба).

Начальнік упраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч дапаўняе:

– З горадам-пабрацімам Краснагорскам мы падтрымліваем сувязі ўжо вельмі шмат гадоў. Штогод мы адпраўляем туды 10-15 дзяцей на аздараўленне і прымаем іх моладзь. Мы заўсёды стараемся арганізаваць для іх максімальна цікавы вольны час. Два гады абмен дэлегацыямі не праводзіўся ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, аднак сёлета мы плануем аднавіць наша супрацоўніцтва. Як правіла, магчымасць адправіцца ў такую паездку выпадае дзецям-актывістам, выдатнікам вучобы, спартсменам.

Дырэктар Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік развівае тэму:

– Цеснае культурнае супрацоўніцтва з горадам-пабрацімам Краснагорскам мы пачалі ў 2004 годзе, калі ўпершыню адправіліся да іх на фестываль у складзе народнага ансамбля «Забава», на той час Красненскага Дома культуры, пад кіраўніцтвам Галіны Бузук. Выступленне праходзіла на вялікай канцэртнай пляцоўцы. Для ўсіх прысутных дэлегацый былі арганізаваны экскурсіі і вялікі канцэрт з удзелам Філіпа Кіркорава і многіх зорак расійскай эстрады. З тых часоў штогод мы арганізуем мерапрыемствы з удзелам творчых калектываў Карэліччыны і горада Краснагорска. Нашы маладыя творчыя аб’яднанні ездзілі на фестывалі «Дружба без межаў», «Новы свет», а аб’яднанні з Краснагорскага раёна з радасцю прыязджаюць на наш міжнародны фестываль «Friendship». Я лічу, што такое культурнае супрацоўніцтва паміж народамі дапамагае даведацца бльш пра традыцыі, згуртавацца і знайсці сяброў.

Наталля САКАЛЯНСКАЯ

Фота аўтара і з архіва рэдакцыі