На рынку г.п. Карэлічы прайшла веснавая ярмарка «Перадвелікодная»

15 красавіка. Пятніца. А 10 гадзіны раніцы накіроўваемся на рынак г.п. Карэлічы, каб на свае вочы ўбачыць, чым тут радуюць пакупнікоў напярэдадні Велікодных свят.

Пры ўваходзе ідзе продаж хлебабулачнай прадукцыі Карэліцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства. У продажы — пірог святочны (2руб.70 кап.), кулічы — ад 60 кап. да 4 руб. 80 кап., каравай «Жнівеньскі» — 4 руб. 50 кап., каравай «Мірскі» — 4 руб. 80 кап. і іншая прадукцыя.

Звяртаем увагу на садавіну і агародніну: яблыкі каштуюць ад 3 да 5 рублёў, агуркі — ад 5.50 да 8.50, апельсіны — ад 4.50 да 6.50, перац — 15 руб., свежыя цыбуля і кроп — па 2 руб. за 100 г, радыс — 9 руб. за 1 кг, капуста свежая — 5 руб.50 кап., бананы — 5 руб. 50 кап., вінаград — ад 7 руб. 50 кап. да 11 руб. Гэта ў індывідуальных прадпрымальнікаў, а ў дачнікаў 100 г зялёнай цыбулі каштуе 1 руб., пучок радыскі — 3 руб. 50 кап. «Гэта перадсвяточныя цэны, затым будзе танней», — запэўнівае прадавец Марына Чарняўская з г.п. Іўе, якая прыязджае гандляваць у Карэлічы пастаянна і прывозіць зялёную прадукцыю.

На рынку можна было набыць упрыгожаныя вербачкі коштам 2.00, 2.50, 3.00, а таксама — велікодныя карзінкі для яек. У адным ганлёвым месцы яны каштавалі па 15, 18, 20 рублёў, у другім — па 15, 25, 40 рублёў.

Увагу прыцягнуў незвычайны гандлёвы астравок. Знаёмімся: рамеснік Мікалай Трацяк з г. Стоўбцы. «Гэты від мастацтва называецца караняпластыка. Усё незвычайнае — у каранях, галінках, дрэвах. Трэба апрацаваць і захаваць усё, што стварыла прырода, а майстар падкрэслівае гэтую прыгажосць», — гаворыць рамеснік. Кошыкі і карзінкі робіць з 9 гадоў, гэтаму навучыў дзед Анісім. Каштуюць яны ад 10 да 40 рублёў, у залежнасці ад аб’ёма, і майстар дае гарантыю на 10 гадоў.

Прыехалі на рынак са сваёй прадукцыяй і вытворцы з суседніх раёнаў. «Навагрудскія дары» парадавалі малочнай прадукцыяй. У продажы — кефір (1 руб. 38 кап. за 1 л), малако (1 руб. 59 кап.), тварог 5% 0,5 кг — 2 руб. 68 кап., смятана 20% 380 г — 1 руб. 79 кап., масла 170 г — 2 руб. 45 кап. і іншыя прадуктовыя тавары.

Прыцягнула ўвагу і прадукцыя Стаўбцоўскага мясакамбіната. Да прыкладу, разруб свініны можна было набыць за 8 руб. 52 кап., каўбаскі — ад 8 руб. 85 кап. да 10 руб. 64 кап., фарш свіны — за 11 руб. 20 кап., дамашні — 5 руб. 22 кап., кулінарны — 7 руб. 24 кап.

Аматары мясной прадукцыі маглі яе купіць у індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Шчарбакова з Баранавіцкага раёна. Тут свежае сала каштавала 12 руб., лапатка без костачкі — 10 руб. 50 кап., сала вэджанае і салёнае — 14 руб., рэбры — 8 руб., косці — 2 руб. 50 кап.

Яйкі прывезлі з птушкафабрыкі «Русіно» г. Баранавічы. Іх кошт: С-2 — 2 руб. 25 кап., дробнае — 1 руб. 50 кап, С-0 — 2 руб. 75 кап., белае — 2 руб. 65 кап. за адзін дзясятак.

На рынку быў у продажы і свежы карп коштам 6 руб. 86 кап. за 1 кг. Прывезлі рыбу з рыбгаспадаркі «Латышы» Брэсцкай вобласці.

Ірына КУЛЕВІЧ,
жыхарка г.п. Карэлічы:

— На рынку г.п. Карэлічы можна было ў гэтую пятніцу купіць усё — ад мясных да малочных прадуктаў. Была ў продажы і свежая рыба. Хлебабулачныя вырабы мірскіх хлебапёкаў прадастаўлены ў вялікім асартыменце. Гэта вельмі добра для пенсіянераў, якія могуць набыць прадукты ў гарпасёлку і сустрэць Велікодныя святы ў добрым настроі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Анжалікі ЗАБРОДСКАЙ