У ЦСАН Карэліцкага раёна адбыўся ўрачысты прыём у старшыні райвыканкама Генадзія Шатуева, прысвечаны Дню Перамогі

На сустрэчу з кіраўніцтвам раёна прыйшлі ганаровыя і паважаныя жыхары Карэліцкага раёна: лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Ларыса Васільеўна Яроцкая, Герой Сацыялістычнай Працы Таццяна Рыгораўна Арда, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Данілавіч Буй, малалетнія вязні Глеб Аляксандравіч Крышэнь і Надзея Нікіфараўна Меляняка, былыя ваенныя камісары Карэліцкага раёна Вячаслаў Аляксандравіч Царук і Мікалай Ягоравіч Гагарын, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васілій Міхайлавіч Тур.

Старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў у сваёй прамове адзначыў, што кожны год павінен быць Годам гістарычнай памяці, бо ўсё менш і менш застаецца ветэранаў, якія абаранялі Радзіму. Трэба памятаць пра вайну і святкаваць Дзень Перамогі. Месцы пахаванняў і абеліскі павінны быць дагледжаны, і гэтай патрэбнай справе важна вучыць дзяцей.

Генадзій Мікалаевіч звярнуўся і да спраў у сельскай гаспадарцы. «Мы навучымся і зможам рабіць многае. Нядрэнна выйшлі сёлета азімыя, разлічваем атрымаць добры ўраджай збожжа. Кіраўнік краіны паставіў перад намі вялікую задачу. Калі атрымаем высокі ўраджай зерня, то гаспадаркі змогуць выраўняць сваю эканоміку. Мы выстаім, наша краіна — у надзейных і моцных руках», — запэўніў прамоўца.

«Для мяне 9 Мая — самае светлае і святое свята, — сказаў старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Час выбраў вас, і вы дастойна абаранялі нашу краіну. 77 гадоў не ведаем, што такое вайна. Крыўдна, што нашы апаненты імкнуцца перапісаць гісторыю і прынізіць годнасць салдата-пераможцы. У нас ясны розум і моцны характар, і мы пераадолеем перашкоды». Звяртаючыся да прысутных у зале, Аляксандр Віктаравіч назваў іх легендай гісторыі, яны пражылі дастойныя жыцці, за што выказаў вялікую ўдзячнасць.

Словы падзякі адрасавалі таксама старшыня Карэліцкага раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур і дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава. Гэтая ўстанова сёлета занесена на абласную Дошку пашаны, у чым заслуга і супрацоўнікаў, і наведвальнікаў. Дарэчы, у Цэнтры адкрыты Куток гістарычнай памяці, экспанаты для якога збіралі таксама ўсе разам.

На працягу правядзення сустрэчы гучала знакамітая песня «Дзень Перамогі». Работнікі культуры падарылі яе ўдзельнікам шмат цудоўных мелодый. «Я люблю цябе, жыццё, і спадзяюся, што гэта ўзаемна…» — радкі адной з песень, якія пра галоўнае ў жыцці, і яны моцна краналі сэрцы.

Прыём з нагоды Дня Перамогі ў старшыні райвыканкама атрымаўся па-сапраўднаму святочным і ўрачыстым. За кубкам гарбаты прадстаўнікі старэйшага пакалення і прадстаўнікі мясцовай улады змаглі пагаварыць па душах, падзяліцца хвалюючым, а адказныя асобы — выказаць словы прызнання людзям, якія на працягу шматлікіх гадоў годна служылі Айчыне. Думаецца, што ўсім сустрэча пайшла толькі на карысць.

Запрошаным на ўрачыстасць былі ўручаны падарункі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Ларысы ШУГЛІ