В ГП «Царюка» на косьбе трав работают на результат

У ДП «Царука» да першага ўкосу траў з пачатку вясны падрыхтаваліся грунтоўна: на 39% сенажацяў правялі перазалужэнне, падкормку — на 72%, на рамонт кормаўборачнай тэхнікі накіравалі больш за 2 тысячы рублёў. Галоўнае зараз, каб нябесная канцылярыя не падвяла і не пачаліся дажджы, бо ў гаспадарцы 70% сенажацяў размешчаны на тарфяніках, на якіх у дажджлівае надвор’е гразне нават пустая тэхніка.

Галоўны аграном гаспадаркі Аляксей Яцук прапануе паназіраць за касьбой ва ўрочышчы з рамантычнай назвай Паўлінка, што недалёка ад вёскі Зарэчча.

— З першага ўкоса плануем нарыхтаваць 5 700 т сенажу і 450 тон сена, — адзначае галоўны аграном. — У гэтым годзе ў гаспадарцы 4 256 га сенажацяў і пашы. За першы ўкос скасілі 654 га з улікам сена, нарыхтавалі 2 626 т корму. Закладзены тры траншэі – у Малой Вобрыне і Баўцічах.

Пры закладванні сенажу корманарыхтоўшчыкі пільна сочаць за якасцю. Усе ведаюць, каб атрымаць карысныя травяныя кармы, неабходна нарыхтаваць іх у максімальна сціснутыя тэрміны і па вегетацыі культур, і па закладцы ў траншэі. У гэтай справе ўсё зразумела: страціш час — страціш і якасць, і колькасць.

На корманарыхтоўцы працуе механізаваны атрад – зладжана і добрасумленна. З поля ва ўрочышчы Паўлінка раздаецца бесперапынны гул матораў, хтосьці пад’язджае, хтосьці ад’язджае. Скошваннем траў на «МТЗ-1221» і «МТЗ-82» займаюцца Сяргей Самец і Генадзій Васілеўскі. На адвозе зялёнай масы на «МТЗ-1221» працуюць Дзяніс Буй і Уладзімір Грышан, на «МТЗ-3522» Сяргей Жук, на «МТЗ-952» Сяргей Станкевіч, на «ГАЗ-53» Сяргей Балабановіч. На валкаванні заняты Аляксандр Мокат. Гэта вопытныя механізатары, працоўны стаж якіх налічаецца гадамі. Корманарыхтоўка для іх справа звыклая, усімі нюансамі вытворчасці валодаюць дасканала.

— Я вадзіцель у трэцім пакаленні, — расказвае Дзяніс Буй. — Бацька і дзед круцілі руль на ярэміцкай зямлі. Я адвучыўся ў сталіцы і махнуў у родныя мясціны. Умовы для працы створаны. Арганізавана двухразовае харчаванне, расцэнкі ведаем. Тэхнікі-нарміроўшчыкі штодня налічваюць заробак.

Механізатар з 12-гадовым стажам Сяргей Жук махае з кабіны:

— Надвор’е на нашым баку, настрой выдатны — працуем!

Пераязджаем да траншэі, дзе закладваецца сянаж. Тут працуе Мікалай Станкевіч на трактары «К700».

— Увесь працэс нарыхтоўкі кармоў — на строгім кантролі, — акцэнтуе ўвагу Аляксей Яцук. — Ад гэтага ў далейшым залежыць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі.

Сянаж — важны від зімовага корму. Ён максімальна захоўвае абменную энергію, пратэін, цукар, каратын і адначасова дастаткова канцэнтраваны, каб забяспечыць кармленне высокапрадуктыўных жывёл. Каб ён быў якасным, неабходна выконваць тэхналогію закладкі. І тут шмат залежыць ад трамбоўкі зялёнай масы. «Кіравец» на нейкі час робіць перапынак у працы.

— У нас літаральна некалькі хвілін, — кажа Мікалай Станкевіч. — Трамбоўка — працэс адказны. Вядзеш працу бесперапынна — будзе аптымальная тэмпература зялёнай масы, што вельмі важна ў нарыхтоўцы сенажу. У сельскай гаспадарцы я працую 31 год. Ужо некалькі год на пенсіі, але праца не пакідае, цягне мяне за руль. Увесь час працую механізатарам. Гэты сезон пачаў з перадпасяўной апрацоўкі глебы. Цяпер вось на корманарыхтоўцы заняты. Потым пайду на ўборку зерневых, кукурузы. Адна праца змяняе іншую. Галоўнае ў нашай справе — працаваць на вынік.

Іна ЛЕЙКА

Фота аўтара