ПУНКТ ПОГЛЯДУ ЖУРНАЛІСТА: ВОСЕНЬ І ЯЕ МЕЛОДЫЯ

Дождж царабаніць па акне. Кроплі сцякаюць па шыбах, і раз-пораз даносяцца яго гукі, нагадваюць знаёмую мелодыю. Прыслухаешся — і ўспамінаецца дзяцінства. У той час дажджлівае надвор’е не выклікала прыемных эмоцый. Бацькі клікалі дзяцей з вуліцы ў хату — і гульні спыняліся.

Дажджы не даспадобы і дарослым, каго чакае праца ў полі і на агародзе. Куды лагодней, калі ёсць вольная хвілінка-другая. Сядзіш у цёплым пакоі і разважаеш аб жыцці-быцці. Успамінаецца далёкі верасень, і ў памяці ўсплываюць розныя малюнкі: 1 верасня крочыш у школу, у садзе зачароўвае пах антонаўкі, у полі збіраеш клубні бульбы …

Вецер завывае за акном, на яго няма крыўды. Прыслухаешся — і чуваць ужо новая мелодыя. Магчыма, гэта падказка жыць у суладдзі з прыродай? Яна — і лекар для душы, і добры сябар, і захавальніца сакрэтаў.

А як лістота кружыцца ў асеннім вальсе! Паназіраеш за танцам — і ты ў палоне. Ліст упаў на зямлю, другі, трэці — і ты ступаеш па залатым дыване. Чароўная мелодыя даносіцца здалёк і доўга не адпускае цябе, і пачынаеш складаць вершаваныя радкі…

Хто сказаў, што восень — сумная пара? Хіба так мяркуе той, хто не любіць яе імгненні. Не стараецца назіраць за харством у прыродзе. Хто ў гэтым суме і асенняй цішы не знаходзіць асалоды. Нечакана скіруеш позірк у неба — і на душы становіцца спакойна і лагодна.

Бывае, раніцай зірнеш у акно, а на вуліцы бялютка-бялютка. Усё быццам у малацэ. Гэта ўжо туман уладарыць, і немагчыма адвесці позірку ад таямніц прыроды. Як і ад дрэў, якія паступова мяняюць свае ўборы. Вочы радуе іх рознакаляровасць, сваёй чырванню ўскалыхваюць сэрца.

А якія ўзоры можа саткаць восень! Сапраўдныя карункі: павуцінне з кропелькамі дажджу, як у сапраўднай майстрыхі. Так хочацца дакрануцца да іх рукой, але гэтага не робіш, цуда прыроды знікне ў адно імгненне. Хочацца, каб праіснавала даўжэй, і шмат людзей палюбавалася гэтым хараством.

Восень — багатая і шчодрая пара. Вунь колькі дароў у палях і на агародах чакае руплівых гаспадароў! Тых, хто ўмее шчыраваць на зямлі і не цураецца ніякай працы. А яшчэ цэлы ланцужок розных свят прыпадае на восеньскія дні: Дзень ведаў, Дзень пажылых людзей, Дзень настаўніка, Дзень культработніка, Дзень маці, Дзень бацькі… Падчас правядзення ўрачыстасцяў гучаць ужо сапраўдныя мелодыі, якія іх выканаўцы дораць тым, хто побач.

Дзякуй за ўсё, залатая пара!

Галіна СМАЛЯНКА