Што паказаў рэйд па сацыяльна небяспечных сем’ях Малюшыцкага сельсавета?

У праўдзівасці гэтых слоў пераконваюся кожны раз, калі размова  заходзіць пра дзяцей. Дзяржава праяўляе пастаянны клопат пра сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія, пра іх шмат клапоцяцца бацькі, аддаючы ім  любоў і ласку, а ў навучальных установах  імкнуцца выхаваць годных грамадзян краіны.

Вялікую ўвагу ўдзяляюць гэтаму пытанню і грамадскія фарміраванні,  прадстаўнікі якіх стаяць на варце аховы дзяцінства. Адной з форм работы стаў удзел суб’ектаў прафілактыкі ў правядзенні комплекснай прафілактычнай адпрацоўкі адміністрацыйных участкаў. У ходзе іх  наведваюцца  сем’і, якія патрабуюць павышанай увагі і стаяць на кантролі ў адпаведных арганізацыях.

На гэты раз рабочыя групы наведалі населеныя пункты Малюшыцкага сельсавета. У адну з груп увайшлі прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, аховы дзяцінства ўпраўлення адукацыі райвыканкама, інспекцыі па справах непаўналетніх Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў. У аграгарадках Палужжа і Малюшычы наведалі тры апякунскія сям’і, дзве сацыяльна небяспечныя і адну шматдзетную. Па словах метадыста ўпраўлення адукацыі райвыканкама Юліі Шэўкі, пасля іх наведвання  засталося добрае ўражанне: тут выконваюцца бацькоўскія абавязкі па выхаванні дзяцей, у дамах падтрымліваецца належны парадак, але ў адной з сем’яў выяўлены парушэнні пажарнай бяспекі: электраправодка не закрыта каробкай.  Члены рабочай групы нагадалі жыхарам аб захаванні правіл пажарнай бяспекі і своечасовай праверцы функцыянавання аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Сацыяльна небяспечныя сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія, знаходзяцца пад  пастаянным кантролем дзяржаўных служб. Падчас сустрэчы кожны імкнуўся данесці карысную інфармацыю: галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі райвыканкама Ала Галушка заклікала да належнага выканання бацькоўскіх абавязкаў, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Аляшкевіч і інспектар інспекцыі Аляксандр Валенцюкевіч вялі гутарку аб недапушчэнні супрацьпраўных дзеянняў і злоўжывання спіртнымі напоямі, намеснік старшыні інспекцыі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама  Вольга Базар нагадала аб занятасці дзяцей у вольны час.

Як паказвае жыццё,  рэйды такога роду нясуць адпаведную карысць і для сем’яў, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія,  і для кантралюючых органаў. Для першых візіты стымулююць іх на больш паспяховае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, а члены рабочай групы могуць  у чарговы раз вывучыць умовы жыцця непаўналетніх і  правесці растлумачальную работу.

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА