Дзень юнага героя-антыфашыста адбыўся ў Аюцавіцкай базавай школе

Мы, вучні 9 класа, з цікавасцю вывучаем гісторыю і шмат ведаем пра піянераў-герояў, гэтых маленькіх герояў вялікай вайны, нашых равеснікаў. Разам з класным кіраўніком мы  наведалі вучняў пачатковых класаў і правялі з малодшымі  школьнікамі   інфармацыйную гадзіну, прысвечаную Дню юнага героя-антыфашыста.

Мы расказалі ім аб тым, што да вайны гэта былі самыя звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі: вучыліся, гулялі, сябравалі, дапамагалі старэйшым. Іх імёны ведалі толькі іх родныя, аднакласнікі і сябры. Але пачалася Вялікая Айчынная вайна, і яны паказалі, якім  можа стаць дзіцячае сэрца, калі разгарыцца ў ім свяшчэнная любоў да Радзімы і нянавісць да ворага. На худзенькія плечы іх лёг цяжар нягод, гора ваенных гадоў. Але не сагнуліся яны пад гэтым  цяжарам, сталі мацней духам, мужней, вынослівей.

Мы пазнаёмілі  вучняў 1-4 класаў  з подзвігам піянераў Валі Коціка, Лёні Голікава, Марата Казея, Валі Зенкінай, Сашы Барадуліна, Галі Комлевай, а таксама Зіны Партновай, імя якой носіць наша піянерская дружына. Яны змагаліся супраць фашысцкай навалы  ўсюды: на моры, у небе, у партызанскім атрадзе, у Брэсцкай крэпасці… Дзяцінства гэтых рана пасталеўшых дзяцей было напоўнена такімі выпрабаваннямі, што нават цяжка паверыць. Але гэта было. І мы павінны пра гэта памятаць. Малодшым школьнікам  мы расказалі, чаму гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак назвалі героямі. Для ўсіх нас яны з’яўляюцца прыкладам любові да Радзімы, смеласці, мужнасці,  і сёння мы павінны вучыцца і жыць так, каб быць дастойнымі памяці юных піянераў-герояў.

Яўгенія Краўчук,

вучаніца 9 класа