Газаэлектразваршчык Карэліцкага РУП ЖКГ Юрый Скобля: «Мая праца мне па душы»

«Жыццё пражыць — не поле перайсці» — каму невядома гэтая народная прымаўка? Вось толькі кожны разглядае жыццё па-свойму і выбірае свае арыенціры. Для многіх любімая справа становіцца сэнсам жыцця. Чалавек імкнецца выконваць абавязкі спаўна і атрымлівае радасць.

А яшчэ шукае, каб чымсьці яшчэ запоўніць сваю будзённасць і  дзе прыкласці рукі — яму ўдаецца гэта зрабіць. Побач з такімі людзьмі надзейна і камфортна, жыццё набывае новыя фарбы.

Радзіма

Юрый нарадзіўся ў вёсцы Паланая Красненскага сельсавета. У сям’і раслі чацвёра дзяцей, ён быў сярэднім. Да працы прывучаліся з дзяцінства.

— «Радзіма» гучыць ганарова і прыгожа, — гаворыць ён. — Гэта карані дзядоў і бацькоў, а ты — спадчынец і прадаўжальнік…

Калі Юрый хадзіў у трэці клас,  пераехалі ў Загор’е. Цяпер жывуць тут з матуляй, і па-ранейшаму ў захапленні ад гэтых мясцін. Па яго меркаванні, «вёска жывая, знаходзіцца недалёка ад райцэнтра» і «на работу ходзіць пешшу, іншы раз хтосьці падвязе…»

— Я задаволены жыццём, — перакананы Юрый Скобля. — У вёсцы знаходжу занятак рукам —  заўсёды ёсць справа,  толькі не трэба ленавацца. Жыццё становіцца весялейшым, калі заняты. Гэта свайго роду эліксір для душы: свежае паветра і навакольныя краявіды заварожваюць, і, знаходзячыся ў іх палоне, адчуваеш усю паўнату імклівага жыцця.

Праца

— Праца газаэлектразваршчыка мне па душы і вельмі падабаецца,  — сцвярджае субяседнік. — Трэба пастаянна думаць, як лепш зварыць, каб у выніку сістэма спраўна працавала. Газаэлектразваршчык  — сур’ёзная і адказная работа, асабліва па тэхніцы бяспекі.

Юрый Скобля па гэтай спецыяльнасці працуе з 2006 года, у раённым унітарным прадпрыемстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі — пяць гадоў.  Да гэтага шчыраваў у Слонімскай СПМК   № 64.

Спатрэбіліся навыкі для работы, якія набыў яшчэ падчас вучобы ў Карэліцкім ДПТВ № 125 будаўнікоў, дзе вучыўся па спецыяльнасці «электрагазазваршчык і мантажнік сантэхсістэм і абсталявання». Практыку праходзіў у Карэліцкай сельгастэхніцы, дзе працаваў  першыя тры гады.

—  Мая работа цікавая і добра аплачваемая, — пераконвае Юрый і дадае, што можна працаваць і зарабляць у сельскай мясцовасці. Не абавязкова ехаць і ў горад, дзе не ведаеш, куды сябе дзець у вольны ад работы час. На малой радзіме па-іншаму: усё блізкае, роднае сэрцу, справу знойдзеш па душы на зямлі.

Жыццё

Як лічыць Юрый Скобля, пакуль ён поўнасцю не рэалізаваўся. Планаў шмат, але, па-першае, марыць стварыць сваю сям’ю і адрамантаваць жыллё. Сад ужо пасадзіў, каля пяцідзесяці саджанцаў: яблыні, грушы, чарэшні, кусты маліны. Зямлі для гэтага дастаткова. Вясной адчувае сябе нават у якойсьці ступені фермерам і гаспадаром сваёй зямлі.

— Жыццё на тое дадзена, каб поўнасцю рэалізавацца, — перакананы карэліччанін. — У вёсцы — маляўнічая прырода і свежае паветра,  можна адпачыць душой. Словамі не перадаць усяго, трэба быць у душы вясковым. Шмат працаваць, каб праца давала вынікі. Чалавек адказвае за свае ўчынкі, і, як паступіць у тым ці іншым выпадку, выбірае сам. Галоўнае — не разгубіцца  і не збочыць з правільнага шляху.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ