Міністр гандлю БССР з вёскі Асташын. Да 85-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Пятровіча Дзем’яновіча

У гэтым годзе 15 красавіка споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка Уладзіміра Пятровіча Дзем’яновіча. Беларускі дзяржаўны дзеяч, міністр гандлю БССР (1990-1991 гг.) нарадзіўся ў вёсцы Асташын Карэліцкага раёна ў 1938 годзе.

У 1957 годзе скончыў Навагрудскі тэхнікум савецкага гандлю (цяпер Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж). Працаваў прадаўцом Баранавіцкага гархарчпрамгандлю. З 1957 па 1960 год праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі.  У 1960 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя В.У. Куйбышава.

Пасля заканчэння інстытута ў 1965 годзе працаваў у апараце Міністэрства гандлю БССР інспектарам, старшым інспектарам, намеснікам начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю. З 1971 года быў прызначаны намеснікам, а з мая 1975 года начальнікам упраўлення гандлю Мінскага гарвыканкама.

З верасня 1979 года быў прызначаны начальнікам упраўлення гандлю Мінскага аблвыканкама, у сакавіку 1983 года пастановай Савета Міністраў БССР прызначаны на пасаду намесніка міністра гандлю БССР.

У лістападзе 1988 года быў начальнікам аддзела гандлю Дзяржплана БССР і зацверджаны членам Дзяржплана БССР.

Пастановай Вярхоўнага Савета БССР ад 25 ліпеня 1990 года быў абраны і зацверджаны Міністрам гандлю БССР. Праз год падаў у адстаўку і да 26 верасня 1995 заставаўся намеснікам Міністра гандлю Рэспублікі Беларусь. Да свайго выхаду на пенсію ў сакавіку 2001 года ўзначальваў «Гандлёвы Дом на Нямізе».

Быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём «Ветэран працы», дзвюма Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, ганаровай узнагародай Мінгандлю «Бронзавы Меркурый», бронзавым медалём ВДНГ СССР.

Памёр у 2006 годзе.

Алена МАКАРЧЫК,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»

Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц