У Карэліцкім раёне завяршылася акцыя «Наш жывёлавод», адзначана праца 38 работнікаў

Жывёлагадоўлянайважнейшая галіна сельскай гаспадаркі, якая забяспечвае харчовую бяспеку Рэспублікі Беларусь. У людзей, якія працуюць у гэтай галіне, кожны дзень распісаны пахвілінна. Яны працуюць у святы і выхадныя дні. Кожны дзень руплівых жывёлаводаў запоўнены цяжкай працай, якая патрабуе фізічных затрат і душэўнай увагі. Для таго, каб сказаць дзякуй працаўнікам, Рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання штогод са снежня па красавік праводзіцца акцыя “Наш жывёлавод”. Асноўная мэта — пабываць на фермах і выказаць людзям словы ўдзячнасці за штодзённую працу. Аб тым, як праходзіць акцыя на Карэліччыне, расказвае старшыня Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская.

— У гэтым годзе ў Карэліцкім раёне акцыя праводзіцца ў шосты раз, — кажа Ірына Леанідаўна. — Кожны год мы ўзнагароджваем лепшых аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, брыгадзіраў малочнатаварных ферм, заатэхнікаў, ветэрынарных урачоў, тэхнікаў-асемянатараў — усіх тых, хто ўносіць вялікі ўклад у скарбонку раёна. Безумоўна, дасягненне высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі залежыць менавіта ад людзей, іх вопыту і ўменняў, таму вельмі важна ацаніць іх намаганні. Таксама гэта акцыя — добрая нагода наведаць кожны комплекс і ферму, паглядзець, у якіх умовах працуюць жывёлаводы, ці забяспечаны спецыяльным адзеннем, абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай абароны, даведацца, якія праблемы хвалююць людзей.

Па словах Ірыны Пянькоўскай, у гэтым годзе ў рамках акцыі адзначылі працу 38 працаўнікоў з усіх дзевяці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Кожны з іх быў узнагароджаны Падзячнымі пісьмамі Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК і прэміямі. Акрамя гэтага, у рамках акцыі для працаўнікоў МТФ “Аюцавічы-2” КСВУП “Птушкафабрыка «Чырвонаармейская” набылі пральную машыну. Для калектыва новага цялятніка МТФ “Францішкова” СВК “Свіцязянка-2003” купілі гадзіннік і чайнік, а работнікам нядаўна адкрытай МТФ “Кожава” СВК “Жухавічы” падарылі камплект посуду для бытавога памяшкання.

 

— Заахвочванні і цёплыя словы ўдзячнасці за плённую працу павінны стаць стымулам для дасягнення высокіх паказчыкаў, — лічыць Ірына Пянькоўская.

Сяргей СТОЛЯР