Ганна Мамончык з Вялікіх Жухавіч: «Сцяжынка да Бога ў мяне была нескладаная»

Сцяжынка да Бога ў мяне была нескладаная. З Богам уставалі, з Богам спаць клаліся. Ведалі «Ойча наш». Усе святы адзначалі з малітвай. Бацькі ў царкву хадзілі і нас вадзілі. Малітвы чыталі, і песняй звінелі ўсе хаты ў святы.

Успамінаецца першая посная куцця і 12 посных страў: пад абразамі — куцця, пад абрусам на стале — сена. Да 14 студзеня ёлачка ставілася. Ланцужкамі з саломкі і паперы ўпрыгожаная, баранкамі.

«Чаму ёлачка менавіта?», «Чаму павучка не забіваюць?», «Чаму жавараначак так высока ў небе пяе?» На ўсе пытанні адказы звязаны з Ісусам Хрыстом. Усё даведваліся ад бацькоў. Парады выконвалі: «Богам не бажыся, а бацькамі не кляніся». У царкву ў дзяцінстве бегалі, малым не забаранялі.

…Але дзякуй Богу, надышоў светлы час. Сталі будавацца цэрквы, людзі адкрыта хрысціцца. Святкаваць і не баючыся ў царкву хадзіць. У школах выхаваўчыя гадзіны і адкрытыя мерапрыемствы на духоўную тэму паказвалі, увялі факультатывы «Духоўнасць». Асновай і базай для выхавання стала праваслаўе — духоўнае абагачэнне дзіцячых душ.
Не варта чакаць бяды і трывогі, каб прыйсці ды памаліцца Богу. Галоўнае — не спазніцца і самому Богу памаліцца. «Малітва іншых пра нас бывае мацней толькі тады, калі ёсць наша ўласная малітва», — гэтыя словы свяціцеля Феафана Затворніка трэба заўсёды памятаць.

Хочацца пажадаць, каб Бог падараваў людзям самае важнае ў свеце: дабрыню, павагу, клопат, спачуванне, падтрымку, любоў да родных, блізкіх, сяброў.

Ганна МАМОНЧЫК,
жыхарка аграгарадка Вялікія Жухавічы