Члены ІПГ № 5 Карэліцкага равыканкама сустрэліся з жыхарамі Райцаўскага сельсавета

Падчас правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва адбылася сустрэча членаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 5 Карэліцкага райвыканкама з жыхарамі Райцаўскага сельсавета. Адкрыў яе намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, кіраўнік групы Яўген Чычкан, які трымаў слова па асноўнай тэме: «Гістарычная памяць аб Вялікай Айчыннай вайне як фактар фарміравання патрыятызму». Прамоўца назваў яе актуальнай, яна дазваляе раскрыць праўду пра падзеі ваеннага ліхалецця. Генеральная пракуратура правяла і праводзіць вялікую работу ў гэтым накірунку.
Як адзначыў Яўген Чычкан, усё менш застаецца сведкаў вайны. На вялікі жаль, у нашым раёне жыве толькі чатыры ветэраны, пра іх праяўляецца ўвага і клопат, яны ўшаноўваюцца з нагоды вялікіх свят. Не забывае і дзяржава — аказвае матэрыяльную падтрымку.
«Мы павінны ведаць і гаварыць праўду аб вайне. Наша задача — на ўроках гісторыі расказваць вучням як было на самай справе», — адзначыў прадстаўнік мясцовай улады.
Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за студзень — сакавік 2023 года паведаміў намеснік дырэктара Гродзенскага філіяла РУП «Белтэлекам» па будаўніцтве Сяргей Гузень.
Прамоўца ўдзяліў асаблівую ўвагу развіццю сельскай гаспадаркі. За дадзены перыяд аб’ём валавай прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у бягучых цэнах склаў 822, 2 млн рублёў, ці 104, 6 % да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года. Сельскагаспадарчымі арганізацыямі, уключаючы сялянскія (фермерскія) гаспадаркі, выпушчана прадукцыі на суму 811,1 млн рублёў, ці 104,9 %. Сяргей Мікалаевіч выказаў падзяку працаўнікам СВК «Свіцязянка-2003» за вялікі ўклад у развіццё Гродзенскай вобласці. «У вёсцы жыццё адчуваецца, а ў горадзе яно праходзіць хутчэй», — адзначыў прамоўца і заклікаў прыцягваць моладзь для жыцця і працы ў сельскую мясцовасць, а сувязісты будуць імкнуцца забяспечваць жыхароў аграгарадкоў паслугамі.
Начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік на канкрэтных прыкладах імкнуўся давесці жыхарам сельсавета, што менавіта паводзіны бацькоў служаць для дзяцей прыкладам. Разам з тым трэба шмат размаўляць з дзецьмі і гаварыць аб тым, як сябе паводзіць у канкрэтных сітуацыях. Не заставацца раўнадушнымі, калі бачыш парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, і пры іх узнікненні пажара патэлефанаваць у пажарную часць..
Кіраўнік ІПГ Яўген Чычкан у сваю чаргу адзначыў, што пажараў можна пазбегнуць, калі будзем праводзіць растлумачальную работу сярод грамадзян, гэтым зможам выратаваць іх жыцці і пабудовы.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Алены КЛАЎСУЦЬ