Ідэолагі Карэліччыны абмеркавалі актуальныя пытанні



Падчас правядзення чарговай нарады ідэолагі Карэліччыны абмеркавалі шэраг пытанняў, якія тычыліся розных бакоў жыцця, і ўсе з’яўляюцца актуальнымі.

Гэтымі днямі адзначылі Дзень сям’і. Колькі б часу ні аддаляла нас ад гэтай падзеі, тэма будзе заўсёды запатрабаванай. Таму не без цікавасці ідэолагі раёна слухалі выступленне намесніка начальніка аддзела пенсій і сацыяльных выплат упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Марыны Найдзінай аб мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей. У іх ліку прамоўца назвала дапамогу па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, аднаразовыя выплаты, дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, дапамогі на дзяцей, старэйшых за тры гады з асобных катэгорый сем’яў, сямейны капітал, адрасную дапамогу і іншае. Марына Паўлаўна адзначыла, што ўсё гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі створаны ўмовы, якія забяспечваюць прававую абарону і матэрыяльную падтрымку сем’яў.


Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Нэлі Маісеенка адзначыла вялікую ролю стварэння новых сем’яў: у Беларусі павінны нараджацца дзеці, яны — наша будучыня. Ім быць прадаўжальнікамі традыцый беларускага народа і стваральнікамі зямных даброт. Нездарма заўважана: «Моцная сям’я — моцная дзяржава».


У сваім выступленні начальнік Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніс Стадольнік заклікаў прысутных праяўляць больш увагі да паводзін дзяцей на летніх канікулах і на вадзе. Да бяды часцей прыводзіць бескантрольнасць з боку дарослых і ўжыванне імі алкаголю. З дзецьмі трэба праводзіць гутаркі аб тым, як паводзіць сябе ў пэўных сітуацыях, на канкрэтных прыкладах растлумачваць правільныя паводзіны. «РАНС працуе ў гэтым накірунку, а дзіця бярэ прыклад з бацькоў. Беражыце сябе і дзяцей!» — рэзюмаваў Дзяніс Стадольнік.


Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на Карэліччыне вяла размову першы сакратар РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Аксіння Ждан. У склад студэнцкага атрада павінна ўваходзіць не менш за 5 чалавек, з якіх адзін быць абавязкова паўналетнім, ён жа і камандзірам атрада. Маладзёжны лідар звярнула ўвагу на найбольш актуальныя пытанні дзейнасці студатрадаў: колькасць яго ўдзельнікаў павінна адпавядаць спісу, абавязковая адпрацоўка мінімум 10 дзён, на працу непаўналетнім неабходна згода бацькоў, члену студатрада трэба застрахавацца ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і іншыя. У летні перыяд плануецца арганізаваць студэнцкія атрады на базе Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельгаспрадпрыемстваў раёна, будзе працаваць педатрад ДАЛ «Вясёлка».

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ