5 мая — Дзень друку. Калектыў раённай газеты «Полымя» віншуе ўсіх сваіх сяброў

Сярод вераніцы майскіх свят — Дзень друку. Гэта наша прафесійнае свята. У гэты дзень мы, супрацоўнікі рэдакцый, можам па-асабліваму ўздыхнуць на  поўныя грудзі і парадавацца навакольнай прыгажосці. Сама прырода падзяляе нашу радасць  — пра нас таксама не забыліся, і сёння можам гаварыць менавіта пра сябе.

Амаль 80 гадоў Карэліцкая раённая газета «Полымя» свеціць  землякам — нясе праўдзівую інфармацыю падпісчыкам як рэспубліканскага, так і раённага накірункаў, расказвае пра людзей працы, дапамагае вырашаць злабадзённыя пытанні. На Дні падпісчыка і ў лістах у рэдакцыю карэліччане выказваюць словы падзякі раённай газеце «Полымя», і гэта яшчэ больш акрыляе: яны вераць раёнцы і бачаць у ёй надзейнага сябра і памочніка.

Шмат гадоў звязана ў мяне з «Полымя». Як журналіст за гады працы наведала амаль усе населеныя пункты раёна. З многімі яе жыхарамі сустракалася неаднойчы, і яны станавіліся героямі маіх замалёвак і нарысаў. Наведвала мерапрыемствы рознага кшталту, пасля чаго пісала артыкулы для раённай газеты. Разам з прадстаўнікамі арганізацый і ўстаноў раёна накіроўвалася ў рэйды,  каб на месцах пазнаёміцца са становішчам спраў і вострым пяром дапамагчы вырашыць хвалюючае пытанне.

Кожны раз усё больш пераконвалася, што на Карэліччыне жывуць самыя працавітыя людзі і наш родны край — найлепшы ў свеце. Радавалася, што раённая газета «Полымя» дапамагае ў гэтым.

Сёння з нагоды Дня друку з вялікай удзячнасцю ўспамінаю сваіх калег, сапраўдных прафесіяналаў сваёй справы: галоўнага рэдактара Івана Шлыка, яго намесніка Станіслава Луку, фотакарэспандэнта Леаніда Лейку, галоўнага бухгалтара Ніну Захарчук, тэхнічнага рэдактара Лідзію Луку, карэктара Марыну Худобу, супрацоўніка Карэліцкай друкарні Таісу Бянько і многіх іншых. Іх праца — узор самаадданага служэння сваёй справе і роднай газеце. Поруч з вопытнымі супрацоўнікамі раённай газеты глыбокі след у маёй душы пакінулі маладыя журналісты, хто выбраў гэтую сцяжынку. Жыццё іх раскідала па розных кутках Беларусі, але Карэліцкая раённая газета «Полымя» будзе для іх цёплым успамінам, тут яны авалодвалі прафесійным майстэрствам і пачынаўся іх шлях у журналістыку.

Сёння «Полымя» свеціць яшчэ ярчэй, яго промні саграваюць землякоў і ўраджэнцаў роднага краю. У раёнкі ў апошнія гады з’явіўся добры і надзейны сябар — сайт раённай газеты «Полымя». Яго адметнасць — інфармацыя змяшчаецца аператыўна, і гэта дае магчымасць яго карыстальнікам даведацца пра падзеі ў раёне і  свеце своечасова.

З нагоды нашага прафесійнага свята хочацца выказаць словы прызнання мясцовай уладзе,  ветэранам працы рэдакцыі, падпісчыкам, ідэолагам раёна, пазаштатным аўтарам, паштальёнам — усім, хто бачыць у «Полымі» надзейнага і добрага сябра.

Галіна СМАЛЯНКА