23 і 24 чэрвеня ў вёсцы Беражна пройдзе раённы маладзёжны турыстычны злёт

23 і 24 чэрвеня ў вёсцы Беражна пройдзе раённы маладзёжны турыстычны злёт. Сёлета мерапрыемства будзе прысвечана Году міру і стварэння і 60-годдзю беларускіх студэнцкіх атрадаў. Удзельнікамі турзлёту стануць каманды моладзі, сфарміраваныя з работнікаў прадпрыемстваў раёна. Галоўныя мэты падзеі — прапаганда здаровага ладу жыцця, супрацьдзеянне распаўсюджванню п’янства і наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі, прыцягненне моладзі да рэгулярных заняткаў фізічнай культурай і спортам.

Праграма турыстычнага злёту будзе ўключаць урачыстае адкрыццё, творчую самапрэзентацыю каманд і спартыўную частку, у рамках якой — спаборніцтвы па валейболе, гіравым спорце, дартсе, перацягванне каната. Удзельнікі таксама прымуць удзел у рухомай гульні «Гарады», конкурсах «Побыт турыста» і «Песня каля вогнішча», пераадолеюць турыстычную паласу перашкод.

Арганізатарамі турыстычнага злёту выступяць Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт, РК ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама.