1160-годдзе славянскага пісьменства

1160-годдзе славянскага пісьменства

У 2023 годзе святкуецца 1160-годдзе з часу ўзнікнення славянскага пісьменства.

Дата вылічэння — 863 год.

Святыя Кірыл і Мяфодзій склалі славянскую азбуку, пераклалі рэлігійныя кнігі на славянскую мову.

Рукапісныя кнігі Беларусі

З’яўленне рукапісных кніг звязана з распаўсюджваннем хрысціянства.

Пры многіх храмах і манастырах былі бібліятэкі, дзейнічалі майстэрні па перапісванні кніг.

Першапачаткова для напісання старажытных славянскіх кніг выкарыстоўваліся кірыліца і глаголіца. Затым вядучыя пазіцыі заняла кірылічная рукапісная кніга.

Да кніг, якія з’явіліся на старажытнабеларускіх землях, адносяць Тураўскае Евангелле (XI стагоддзе), Полацкае Евангелле (XII стагоддзе), Аршанскае Евангелле (XIII стагоддзе), Лаўрышаўскае Евангелле, Мсціжскае Евангелле, Анежскі (Мсціслаўскі) Псалтыр (усе XIII-XIV стагоддзі) і іншыя.

Рукапісныя кнігі на тэрыторыі Беларусі існавалі да XVIII стагоддзя (у асяроддзі старавераў — да XX стагоддзя).

Першыя друкаваныя кнігі Беларусі

Беларускае кнігадрукаванне з’явілася ў першай чвэрці XVI стагоддзя і звязана з дзейнасцю Францыска Скарыны.

Першая кніга Ф.Скарыны — «Псалтыр» — выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года.

У 1522 годзе надрукавана «Малая падарожная кніжка» — зборнік рэлігійных і свецкіх твораў ад «Псалтыра» да «Саборніка».

Для даведкі

Штогод у мае ўсе славянскія народы, якія карыстаюцца кірылічным алфавітам, адзначаюць Дзень славянскага пісьменства і культуры, у Беларусі свята праходзіць з 1986 года.

Гісторыя ўзнікнення і развіцця пісьменства, кнігадрукавання ў Беларусі прадстаўлена ў музеях кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.

Крыніцы: адкрытыя крыніцы

БелТА