Завершаем путешествие по туристическому маршруту «Дорогами Второй мировой войны» знакомством с памятными знаками в Малюшичах и Полужье

(Працяг. Пачатак у №№ 50, 54, 55 ад 28.06.2023 г., 12.07.2023 г. і 15.07.2023 г.)

Недалёка ад вёскі Даўгінава можна ўбачыць поле, названае ў гонар Героя Савецкага Саюза камандзіра 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі генерал-маёра Яна Янавіча Фогеля. 7 ліпеня 1944 г. дывізія Яна Фогеля падышла да Карэліцкага раёна. Ведучы баявыя дзеянні і камандуючы часцямі, Фогель часта бываў сярод салдат і афіцэраў на перадавой і сваім прыкладам мужнасці і адвагі натхняў падначаленых на дасягненне Перамогі. Падчас беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” 8 ліпеня 1944 года камдзіў быў смяротна паранены. На наступны дзень памёр у шпіталі. Пахаваны ў горадзе Дзятлава ў брацкай магіле.

Аповед палкоўніка ў адстаўцы Анатоля Саламатава:

— Камандзір 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі генерал-маёр Фогель падчас пераследу адыходзячага праціўніка знаходзіўся ў перадавых падраздзяленнях аднаго з гвардзейскіх стралковых палкоў.

У раёне вёскі Малюшычы ён, заняўшы пазіцыю, назіраў за становішчам у бінокль, стоячы на адным калене. Наперадзе яго знаходзіўся маёр са штаба палка, які таксама глядзеў у бінокль. Прагучаў адзіны стрэл — з нейкага дома… куля прабіла руку маёру (датычнае раненне) — і ўвайшла ў калена генералу Фогелю. Ён паваліўся набок… гэта мне распавядаў ад’ютант камандзіра дывізіі старшы лейтэнант Баранаў, які знаходзіўся за камандзірам у 10-15 метрах і вёў перамовы па радыёстанцыі разам з радыстам. Выратаваць генерала не ўдалося, бо не было машыны. Куля ўвайшла ў калена і ў пахавую вобласць… пакуль перавязвалі, шукалі машыну — ён памёр.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 красавіка 1945 года гвардыі генерал-маёру Яну Янавічу Фогелю пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Далей накіроўваемся ў аграгарадок Палужжа. Тут знаходзіцца помнік 159 загінулым падчас Другой сусветнай вайны жыхарам гарадскога пасёлка Карэлічы, вёсак Горныя Руткавічы, Навасёлкі, Качычы, Новыя Руткавічы, Палужжа, Равіны, Савашы, савецкага партыйнага актыву. Стэла ўзведзена ў 1964 годзе. Сама вёска была вызвалена ў 1944 годзе. Паводле крыніц, ноччу 8 ліпеня 1-ы і 2-гі стралковыя батальёны 856-га палка пераправіліся праз раку Сэрвач у раёне вёскі Беразавец, з ходу ўварваліся ў абарону ворага і завязалі начны бой. Бераг ракі аказаўся забалочаным. Байцы з вялікай цяжкасцю адшуквалі ў цемры невялікія астраўкі цвёрдай зямлі, каб усталяваць станковыя кулямёты. У 3 гадзіны ночы 8 ліпеня 1944 года 1-ы і 2-гі стралковыя батальёны імклівай атакай пры падтрымцы агню 2-га артдывізіёну і мінамётаў авалодалі вёскай Палужжа.

Тут завяршаецца веласіпедны маршрут “Дарогамі памяці народнай”. Праехаць па ім варта хаця б для таго, каб зразумець, колькі няшчасцяў прынесла тая жудасная вайна, у якой была зламана бясконцая колькасць лёсаў. Праехаць гэты маршрут неабходна, каб памятаць пра тыя разбуральныя падзеі і людзей, якія коштам свайго жыцця набліжалі Перамогу.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара