На пути исправления или по кривой дорожке? В Кореличском районе посетили неблагополучные семьи

 

Журналіст раённай газеты «Полымя» прыняла ўдзел у адпрацоўцы Мірскага сельсавета з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і аддзела адукацыі райвыканкама. Члены рэйдавай групы наведалі сем’і, якія знаходзяцца на кантролі ў адпаведных служб і патрабуюць пастаяннай увагі. Па этычных прычынах не называю адрасы і прозвішчы наведваемых сем’яў, а вось гісторыі з іх жыцця, магчыма, камусьці пойдуць на карысць. Нездарма  заўважана, што лепш вучыцца на чужых памылках.

ДВАЙНАЯ КАРЫСЦЬ

Візіты ў неблагадзейныя сем’і сталі пастаяннымі, бо карысць ад такіх сустрэч двайная: і для ўдзельнікаў рэйду, і для наведваемых сем’яў.  У першым выпадку службовым асобам такія сустрэчы дапамагаюць больш дэталёва вывучыць прычыны неблаганадзейнасці ў сям’і, у другім жа — гора-бацькам паправіць свае справы. Хаця ўсіх, як гаворыцца, пад адзін грэбень не пастрыжэш: адны адзін раз аступіліся, у другіх — доўгі шлях да выпраўлення.

Накіроўваемся ад дома да дома — і адчуваецца, што ўдзельнікі рэйду добра ведаюць адрасы падапечных і дзеляцца іх гісторыямі. Яны не менш радуюцца за бацькоў, калі справы ў сем’ях наладжваюцца, і пра дзяцей праяўляюцца ўвага і клопат.

«Так не бывае на свеце, каб былі пакінуты дзеці» — гэтыя словы ўсё больш і больш становяцца адной з галоўных формул нашага штодзённага жыцця. Пра дзяцей клапоцяцца дзяржава, школа, бацькі, і так павінна быць. Яны — самае дарагое, што ў нас ёсць, дзеці — наша надзея і апора, і ў іх павінна быць шчаслівае заўтра.

ГОРКІ ЎРОК

Іншы раз жыццё дае людзям горкі ўрок, каб яны азірнуліся навокал, задумаліся аб сваіх учынках, сталі больш цаніць  жыццё.

… У сям’і — трое дзяцей. Маецца добрая кватэра. Жыццё ідзе сваёй чарадой, і толькі раз ад разу ў памяці маладых бацькоў усплывае той момант, калі двое дзяцей атрымалі апёкі гарачай вадой і былі дастаўлены ў бальніцу. Маці адрэагаравала на бяду адразу і выклікала «хуткую дапамогу», і, магчыма, гэты факт дапамог у лячэнні. Раны  ў дзяцей зажылі, а вось сям’ю ўсё ж такі паставілі на ўлік…

Як зараз справы ў сям’і? Тут прадаўжаюць гадаваць прыгожых і гарэзлівых дзяцей, якіх любяць усім сэрцам. Каб больш бяда не завітала ў сям’ю, прадпрымаюць усё магчымае для гэтага. Дзеці заўсёды знаходзяцца ў полі зроку дарослых — іх не пакідаюць адных дома. «У кватэры ўстанавілі аўтаномны пажарны апавяшчальнік, з вокнаў знялі ручкі, і ўсё робім для іх бяспечнага жыцця», — гавораць бацькі.

БАБУЛІНА ЛЮБОЎ

Бытуе меркаванне, што ўнукаў бабулі любяць мацней, чым дзяцей. Вядома, у гэтым нічога дрэннага няма. Калі падрасталі сыны і дочкі,  было шмат клопатаў. Хацелася ўсюды паспець, а зараз усю любоў аддаюць унукам. Гэтае жаданне можна толькі падтрымліваць, калі б ад выхавання не ўхіляліся самі бацькі.

…Маладая маці з двума дзецьмі вярнулася ў родную хату. Жыццё ў горадзе не ўдалося ды жаночага шчасця не сустрэла. Як сама, так і абраннік жыцця любілі зазірнуць у чарку. Дзяцей трэба гадаваць, вось і прыехала да маці. Дзень за днём, месяц за месяцам — і справы ў сям’і пачалі наладжвацца. Маладая маці ўладкавалася на працу, а за ўнукамі пачала прыглядаць яшчэ і бабуля і адорваць іх ласкай і пяшчотай.

«У хаце трэба яшчэ рамонт зрабіць, даўно не прыкладаліся рукі», — гаворыць  бабуля. Азіраюся навокал — у пакоях утульна і чыста. Аказваецца, калі ёсць шчасце, хочацца яшчэ больш, і як цудоўна, што яно ў дзецях. Вось бы гэта разумелі маладыя бацькі, аддаючы сваю любоў тым, каму яны падарылі жыццё.

ЧАРКА ДАРАЖЭЙ ЗА ДЗЯЦЕЙ?

Гэтае пытанне можа задаць кожны: і той, хто сябруе з зялёным зміем, і той, хто зусім не п’е. Аб шкодзе алкаголю перапісана і перагаворана шмат на самых розных узроўнях. Вось толькі не ўсе гэта разумеюць, і яго аматары прадаўжаюць наведваць вясёлыя кампаніі альбо прыкладаюцца да чаркі ў адзіночку.

З «гераінямі» нашага рэйду так і не давялося сустрэцца, а вельмі хацелася, каб проста паглядзець ім у вочы. У першай сям’і падрастаюць двое дзяцей, і ўсе абавязкі па іх выхаванні ўзяў на сябе бацька, бо маці выпівае. Дзеці, як гаворыцца, не адны: за мужчынскімі плячыма ім надзейна. А ці ўтульна ім з п’янай маці, ад якой яны з дня ў дзень чакаюць ласкі і пяшчоты? Як часта баляць іх дзіцячыя сэрцайкі, калі бачаць яе нападпітку?  Тое ж можна сказаць і пра другую гора-матулю, толькі ў гэтай сям’і, праўда, трое дзяцей. Няўжо выпітую чарку можна замяніць на дзяцей?

Маці — заўсёды маці. Яна патрэбна ў любым узросце. Так, як любіць маці, ніхто не зможа. Яе малітва дапамагае ў далёкай дарозе і дазваляе справіцца з бядой. А яшчэ, і што мае вялікую ролю, проста ведаць, што ў цябе на зямлі ёсць чалавек, які цябе моцна любіць. Вялікая сіла ў мацярынскай любові. Памятайце пра гэта і адумайцеся, пакуль не позна. Яшчэ ўсё можна змяніць у жыцці і апраўдаць чаканні дзяцей.

З ЧЫСТАГА ЛІСТА

Хто з нас не марыць пачаць жыццё з чыстага ліста? Альбо пачаць жыць па-новаму з панядзелка? У адных гэта атрымлівалася адразу, а другія адкладваюць да наступнага. Сапраўды, чаму б не змяніць жыццё да лепшага?  Вось толькі ў нашым выпадку іншы малюнак.

Жыла-была сям’я, але, на вялікі жаль, распалася. Маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, а бацька адбывае тэрмін у лячэбна-працоўным прафілакторыі. Дзеці жывуць з бабуляй. Жанчына вырашыла паспрабаваць знайсці жаночае шчасце ў другі раз. Больш таго, яна нават нарадзіла ад свайго новага абранніка немаўля і зараз чакае яго з далёкай камандзіроўкі. Пакуль разам з малышом жыве на кватэры і марыць пра тое, што жыццё з чыстага ліста ў яе ўдасца.

Што ж, нікога нельга папракнуць у яго жаданні быць шчаслівым. У любым узросце чалавек шукае сваю папараць-кветку, марыць пра ўзаемнае каханне і стварэнне добрай сям’і. Камусьці пашанцуе, а для кагосьці гэта так і застанецца марай. І як бы там ні было, адно застаецца відавочным: ні ў якім разе не павінны пакутаваць  дзеці, дарослыя ў адказе за іх шчаслівае жыццё.

Галіна СМАЛЯНКА