В летнем оздоровительном лагере «Вясёлка» закончилась оздоровительная кампания

У летнім аздараўленчым лагеры “Вясёлка”  адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця апошняй лагернай  змены “#Вектар поспеху”, падчас  якой разам са школьнікамі Карэліччыны адпачывалі падлеткі з горада Краснагорска Расійскай Федэрацыі.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі  начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч і настаяцель храма святой Варвары  агр. Райца Аляксей Шышкір.

Ірына Асташэвіч сказала:

—       Вельмі прыемна і трошкі сумна сёння прысутнічаць на ўрачыстасці    таму,  што заканчваецца не толькі чарговая  лагерная змена, але і аздараўленчая кампанія 2023 года. Я спадзяюся, што ў кожнага з вас засталіся самыя прыемныя ўражанні ад адпачынку і жаданне прыехаць сюды на наступны год.

Ад імя аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Валер’еўна выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто сёлета  працаваў у летніку. Найлепшыя словы пажадання былі выказаны і ў адрас расійскай  дэлегацыі.

Святар Аляксей Шышкір падзякаваў супрацоўнікам і дзецям за сумесную працу, якую ўдалося арганізаваць падчас летняй аздараўленчай кампаніі.

На працягу ўсёй змены дзеці былі ўцягнутыя ў калейдаскоп розных падзей і спраў. Кожны наступны дзень быў непадобны на папярэдні і напоўнены новымі ўражаннямі, зносінамі і сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Дзеці знаходзіліся на свежым паветры, педагогі праводзілі аздараўленчыя, спартыўныя, культурна-масавыя мерапрыемствы, арганізоўвалі экскурсіі і заняткі па інтарэсах.

Для кожнага дзіцяці аздараўленчы лагер “Вясёлка» адкрыўся сваёй гранню: нехта знайшоў новых сяброў, хтосьці адкрыў у сабе новыя творчыя здольнасці,  даведаўся аб нечым  цікавым, а хто і  навучыўся не засмучацца пры паражэнні ў гульні. Уражанні  незабыўныя, і памяць пра іх застанецца ў дзяцей на доўгія гады.

Самыя актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў,  акрамя слоў удзячнасці,  атрымалі дыпломы і памятныя падарункі.

Завяршылася ўрачыстасць святочным развітальным канцэртам.

Юныя карэліччане падзяліліся ўражаннямі ад адпачынку

Аляксандра Раткевіч з г.п. Мір адзначыла:

— Наш лагер “Вясёлка” самы лепшы.  Я кожны год, пачынаючы з 2017-га, прыязджаю сюды.  Адпачываючы тут, заўсёды набываю   новых сяброў і атрымліваю зарад бадзёрасці. Цудоўна і тое, што да нас прыязджаюць на адпачынак дзеці з горада-пабраціма Краснагорска. За час адпачынку яны сталі для нас сапраўднымі сябрамі.

Мацвей Ліннік з г.п. Мір падзяліўся:

—       Я прыехаў у  лагер у другі раз.  Тут вельмі добрая прырода і паветра. Гэта дапамагае аднавіць здароўе. Першыя дні запомніліся, вядома ж, дыскатэкамі, таму што тут добрая апаратура, можна павесяліцца, пазнаёміцца з новымі рабятамі. Усе   таварыскія,  ніякіх складанасцяў не было. Я магу параіць адно: летам трэба не сядзець дома, а часцей ездзіць па такіх месцах, каб развеяцца, набыць новых знаёмых.  Гэта падымае настрой.

Слова — моладзі з г. Краснагорска

Кіраўнік дэлегацыі горада Краснагорска Аляксандра Раткевіч сказала:

—       Хочацца выказаць словы ўдзячнасці ўсім, хто арганізаваў цудоўны адпачынак для нашых дзяцей у лагеры “Вясёлка”,  за вашу гасціннасць, спагадлівасць і дабрыню. Мы рады быць гасцямі і ўжо добра ведаем, што ў Беларусі вельмі здорава, і гэта сапраўды так. Усе мы будзем доўга памятаць людзей, якія прымалі нас у летніку. Усё, што  ўбачылі на Карэліччыне, пакінула вялікія ўражанні. Усе  рабяты дружна сказалі, што хочуць на наступны год прыехаць  сюды зноў. Спадзяёмся, што і ў будучым будзем абменьвацца дэлегацыямі.  Галоўнае, каб сябравалі не толькі дзяржавы, але і дзеці.

Аляксандр Лапціеў падзяліўся:

— Мне  і маім сябрам надоўга запомніцца  цікавы і актыўны адпачынак у летніку. Кожны дзень былі займальныя мерапрыемствы, у якіх мы з радасцю  прымалі ўдзел. Незабыўныя ўражанні засталіся пасля паездак  і экскурсій. Нам вельмі сумна  пакідаць гэты сапраўдны райскі куток: “Вясёлка” стала нашым другім домам.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара