В Кореличском районе матпомощь к школе получат 215 многодетных семей. Многодетная мама Наталья Какареко — о помощи государства

Школьныя гады самыя цудоўныя, і ўспаміны пра іх у памяці застаюцца надоўга. Дзень ведаў —  доўгачаканае свята для ўсёй сям’і, таму бацькі і дзеці  з усёй адказнасцю стараюцца падрыхтавацца да новага навучальнага года.

 Дапамога дзяржавы

Дзяржава таксама не застаецца ў баку і аказвае пэўную падтрымку шматдзетным сем’ям да новага навучальнага года. У адпаведнаці з Дзяржаўнай праграмай «Здароўе і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025  гады прадугледжана выплата аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да новага навучальнага года сем’ям, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей. На кожнае дзіця, якое вучыцца ва ўстановах агульнай  сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, у рэспубліцы выплачваецца 30% пражытачнага мінімуму.

Як паведамілі ў аддзеле адукацыі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта, у гэтым навучальным годзе матэрыяльную дапамогу атрымаюць 215 шматдзетных сем’яў раёна, у якіх выхоўваецца 473 школьніка. На гэтыя мэты выдзелена з раённага бюджэта 56 тысяч 400 рублёў. Выплата на аднаго школьніка складае 109 рублёў 32 капейкі.

Дайсці да кожнага

Малазабяспечаныя сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, у тым ліку шматдзетныя, могуць разлічваць і на такі від падтрымкі, як дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. Яна прадастаўляецца ў выглядзе аднаразовай штомесячнай сацыяльнай дапамогі.  Памер выплат вызначае раённая камісія пры райвыканкаме. Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна, зыходзячы з даходу сям’і і канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Звяртацца па адрасную дапамогу патрэбна ў аддзел пенсій і сацыяльных выплат упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама.

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна паведамілі аб правядзенні акцыі «Сям’я — сям’і».  Жадаючыя  могуць паведаміць у Цэнтр аб перадачы рэчаў, канцтавараў, мыйных сродкаў для сям’і, якая мае ў гэтым патрэбу.

Міжнародная дабрачынная арганізацыя «ЮніХэлп» аказала ЦСАН Карэліцкага раёна спонсарскую дапамогу, дзякуючы якой куплены канцылярскія тавары і тавары першай неабходнасці для малазабяспечаных катэгорый сем’яў. «ЮніХэлп» штогод аказвае такую дапамогу.

«Дзеці — наша радасць»

У шматдзетнай сям’і Какарэка з райцэнтра выхоўваецца чацвёра дзяцей. Маці Наталля Міхайлаўна працуе бухгалтарам у ДУ «Цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна», бацька Сяргей Мікалаевіч — выратавальнікам Кастрычніцкага РАНС г. Мінска. У сям’і вялікае значэнне ўдзяляецца выхаванню дзяцей. Пятнаццацігадовы Ягор сёлета пойдзе ў дзясяты клас, адзінаццацігадовая Яна — у шосты,  сямігадовы Глеб — у другі клас СШ № 2 г.п. Карэлічы, Мацвей наведвае дзіцячы сад № 2 райцэнтра.

Маці паведала пра таленты дзяцей і іх заняткі. Дачка Яна займаецца танцамі і гуляе ў гандбол. Ягор скончыў Карэліцкую дзіцячую школу мастацтваў  па класе баяна. «Дзеці — наша радасць», — сказала матуля.

Наталля Міхайлаўна адзначае, што кожны год пры падрыхтоўцы дзяцей да 1 верасня адчувае падтрымку дзяржавы. На гэтыя мэты выкарыстоўваецца матэрыяльная дапамога ад дзяржавы і прафсаюзнай арганізацыі, сямейны бюджэт.

— У большасці ўжо набылі адзенне і абутак для Глеба і Яны. Засталося апрануць старэйшага Ягора ды купіць усім канцылярскія прылады, — гаворыць маці. Звычайна стараюцца купіць адзенне і абутак у Доме быту і райунівермагу: тут можна набыць рэчы айчыннай вытворчасці і добрай якасці. Дарэчы,  на адзенне Яны пайшло 300 рублёў, на Глеба — 225.

У гэтым навучальным годзе вучні сярэдняй школы № 2 будуць насіць камізэлькі сінега колеру. Іх набылі ў магазіне Дома быту райцэнтра, кошт для хлопчыкаў складае  28 рублёў,  для  дзяўчынак — 33.

— Гэта шчаслівыя клопаты, — мяркуе Наталля Міхайлаўна. — Я люблю набываць рэчы для дзяцей. Імкнёмся купіць моднае, лепшае і якаснае, каб сыны і дачка пайшлі ў школу з добрым настроем. Адным словам, рыхтуемся да школы разам.

У ТЭМУ

 У новым навучальным годзе памер аплаты за карыстанне школьнымі падручнікамі складзе 18 рублёў 50 капеек. Для дзяцей са шматдзетных сем’яў прадугледжана 50-працэнтная скідка. Каб выкарыстаць ільготу, бацькам неабходна прадаставіць ва ўстанову адукацыі копію пасведчання шматдзетнай сям’і і напісаць адпаведную заяву. Дзеці-інваліды, дзеці з апякунскіх сем’яў і дзеці, у якіх бацькі з’яўляюцца інвалідамі першай і другой груп, вызваляюцца ад аплаты.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА