Геннадий Шатуев о пустующих зданиях: «Действуйте! Ни в коем случае не сидите и не ждите, что покупатель придет сам»

Продаж пустуючых будынкаў даручыў узяць на асаблівы кантроль старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў.

— Дзейнічайце! Не сядзіце і не чакайце, што да нас прыйдуць і папросяць прадаць пустуючы будынак, — звярнуўся кіраўнік раёна да сваіх намеснікаў. — Гэтыя аб’екты трэба прапаноўваць як юрыдычным, так і фізічным асобам. Інакш мы страцім іх, яны проста разбурацца.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Ігара Лазарэвіча, у 2022 годзе з 7 пустуючых будынкаў 4 прададзены на аўкцыёне на суму амаль 185 тысяч рублёў. Напрыклад, тэрыторыя былога дзіцячага аздараўленчага лагера “Лясная казка” будзе прыстасавана пад базу для адпачынку, а ў былой Варанчанскай школе плануецца запусціць вытворчасць 3-D панэляў. Як бачна, прыватнаму бізнесу цікавы наш рэгіён як у турыстычным, так і ў вытворчым плане.

Дэталёва спыніўся кіраўнік раёна на сітуацыі ў сельскай гаспадарцы.

— 5 жніўня трэба пачынаць сеяць азімы рапс, завяршыць сяўбу неабходна 20 жніўня, тады культура дасць добрую аддачу, — адзначыў Генадзій Шатуеў. — Сёлета ў раёне будзе пасеяна 3920 га чорнага золата.

Тэмп росту вытворчасці малака з пачатку года склаў 109%. На 334,4 кг вырас надой на адну карову. Намецілася і захоўваецца станоўчая дынаміка адносна падзяжу жывёлы, аднак прычын для самазаспакаення няма. Тэма захаванасці сельскагаспадарчых жывёл вельмі важная. На ўзроўні Кіраўніка дзяржавы неаднаразова ўздымалася пытанне неабходнасці дакладнага захавання ўсіх рэгламентаў і скарачэння падзяжу.

Старшыня райвыканкама пацікавіўся, як ідзе будаўніцтва станцыі абезжалезвання ў вёсцы Радунь, ці не зацягваюцца тэрміны. Яму паведамілі, што ў верасні бягучага года аб’ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Неўзабаве ў раёне з’явіцца яшчэ адзін аб’ект па праграме “Чыстая вада” ў рамках дзяржпраграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2021-2025 гады. Гэта артэзіянская свідравіна ў аграгарадку Краснае. У дадзены момант праводзіцца вызначэнне падрадчыка.

Іна ЛЕЙКА