Молодежь Кореличчины приняла участие в информационно-просветительской акции «Беларусь единая»

Рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная», прымеркаваная да Дня народнага адзінства, сабрала ў зале Палаца культуры ў Лідзе каля 540 удзельнікаў — прадстаўнікоў органаў улады, дэпутацкага корпуса, ідэалагічнага актыву, вядучых грамадскіх арганізацый, устаноў адукацыі, а таксама ветэранаў і моладзь з усёй Гродзеншчыны.

Адкрыў форум і вітаў яго ўдзельнікаў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк:

— Нягледзячы на даўнасць падзей 17 верасня 1939 года, мы выразна адчуваем іх вызначальнае значэнне для нашага народа. Вялікае ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі стала апагеем гістарычнай справядлівасці. Аб’яднаўшыся, беларусы здабылі магчымасць жыць на роднай зямлі, самастойна вызначаць свой лёс.

Аб удзеле ў форуме расказвае старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Аляксей Караян:

— Уражанні ад форуму самыя станоўчыя. Адкрываючы сустрэчу, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін разрадзіў абстаноўку, настроіў удзельнікаў на адкрыты дыялог. Было відаць, што спікеры добра валодаюць тэмай. Яны імкнуліся даваць разгорнутыя адказы, якія былі б зразумелыя ўсім прысутным. У большасці пытанні тычыліся ўнутранай і знешняй палітычнай сітуацыі, развіцця краіны і культуры. Было зададзена пытанне аб павышэнні папулярнасці выкарыстання роднай мовы на бытавым узроўні.

Сяргей СТОЛЯР

па матэрыялах “Гродзенскай праўды”