Пункт погляду журналіста: «Наведвайце матуль, пакуль яны жывыя»

26 верасня. На календары — восень, а на вуліцы — цёпла. Люблю гэтыя цудоўныя дзянёчкі, хаця ў іх шмат сумоты. Не магу зразумець толькі аднаго: чаму ў любімую пару года перастала біцца сэрца дарагога мне чалавека. Матуля таксама любіла гэтую пару года, шмат працавала, жыла не азіраючыся, паважала людзей, а пайшла з жыцця восенню…
Была простай сялянкай, хадзіла на паляводчыя работы ў калгас. Яна была не адзіная ў сваіх памкненнях: вяскоўцы ў тыя гады былі шчырымі, адкрытымі, працавітымі. Усяму добраму вучылі дзяцей і марылі вывесці іх у людзі. Асновай жыцця лічылі працу, таму выконвалі розныя работы на полі і ў агародзе.

Я часта з дзецьмі наведвала бацькоўскі дом. Прыязджала з райцэнтра, дзе жыла і працавала. Дапамагала па доме, і гэта было для мяне нормай жыцця. Па-іншаму не магла і не хацела. Тады нават не верылася, што гэта калісьці закончыцца, і ўжо стану самай дарослай у сям’і, буду жыццёвым абярэгам для сваіх дзяцей.

Цяпер па-ранейшаму еду ў вёску. Ужо дванаццаць гадоў мяне не сустракае матуля. Толькі родны дом сіратліва стаіць у акружэнні маладога яблыневага саду. У хаце спакойна і ціха, сваімі вачанятамі глядзяць абразы і з фотаздымкаў — сваякі. Так хочацца вярнуцца ў далёкія гады дзяцінства і юнацтва хоць на некалькі хвілін, калі ўсё яшчэ было наперадзе, калі абаронцай, дарадцай, гаспадыняй была матуля. Яна старалася ўсё вытрымаць на сваіх кволых плячах і ніколі не скардзілася ні на кога і ні на што ў жыцці. Як аказалася, каб проста жыць сумленна, навукі асаблівай не трэба, а заставацца чалавекам у любых жыццёвых абставінах.

Вось-вось наступяць Дзень пажылых людзей і Дзень маці. Хацелася б, каб успаміналі пра маці не толькі ў гэтыя дні, а пакуль яны жывыя, пакуль чакаюць у госці, пакуль патрэбны ім увага і клопат дзяцей і ўнукаў. Тут галоўнае — не спазніцца. Сустрэчу з родным чалавекам не трэба адкладваць на заўтра, яе ў некаторых можа проста не быць. Лепш адкладзіце свае справы — хіба можа быць штосьці важней за сустрэчы з родным домам і любай матуляй? А яшчэ абавязкова патэлефануйце, і рабіце гэта як мага часцей. Вельмі добра, калі рашэнне будзе вашым, а не будуць нагадваць прадстаўнікі дзяржаўных служб. І , вядома, абавязкова дапамажыце, калі ў гэтым ёсць патрэба. Наперадзе халады, а матулі ў родных сценах павінна быць цёпла. Як і ад вашых сустрэч.

Галіна СМАЛЯНКА