Карэліччане на «Дажынках» у Зэльве: лепшыя моманты

@korelichi_news #belarus🇧🇾 #Беларусь #дажынкi🇧🇾🇧🇾🇧🇾 ♬ оригинальный звук — www.polymia.by

@korelichi_news #дажынкi🇧🇾🇧🇾🇧🇾 #Беларусь #belarus🇧🇾 #Кореличи ♬ оригинальный звук — www.polymia.by

@korelichi_news #Кореличи #belarus🇧🇾 #Беларусь #дажынкi🇧🇾🇧🇾🇧🇾 ♬ оригинальный звук — www.polymia.by

@korelichi_news #дажынкi🇧🇾🇧🇾🇧🇾 #Беларусь #belarus🇧🇾 #Кореличи ♬ оригинальный звук — www.polymia.by

@korelichi_news #Кореличи #belarus🇧🇾 #Беларусь #дажынкi🇧🇾🇧🇾🇧🇾 ♬ оригинальный звук — www.polymia.by

@korelichi_news #дажынкi🇧🇾🇧🇾🇧🇾 #Беларусь #belarus🇧🇾 #Кореличи ♬ оригинальный звук — www.polymia.by

Традыцыйна ў канцы ўборачнай кампаніі працаўнікі вёскі падводзяць вынікі жніва і адзначаюць працу лепшых хлебаробаў. Не сакрэт, што ад     самааддачы аграрыяў залежыць харчовая бяспека краіны, таму іх праца цэніцца асабліва.

Сёлета абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі» прымаў горад Зэльва. З самай раніцы тут гучала народная музыка, а па вуліцах горада хадзілі людзі ў нацыянальных касцюмах. Работнікі сельскай гаспадаркі з розных раёнаў віншавалі адзін аднаго са святам. Ганарыцца хлебаробам сапраўды ёсць чым: Гродзенская вобласць унесла важкі ўклад у рэспубліканскі каравай, намалаціўшы 1 405 002 тоны збожжа з ураджайнасцю 46,7 ц/га.

Сёлета годна з уборкай ураджаю справіліся аграрыі Карэліччыны. Раён стаў адным з чатырох, якія намалацілі звыш 100 тысяч тон збожжавых. ДП “Племзавод Карэлічы” стала адным з сямі прадпрыемстваў рэспублікі, якія перавысілі ўраджайнасць у 100 ц/га.

У складзе дэлегацыі ад Карэліцкага раёна ўдзел у абласных «Дажынках» прынялі старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў, першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Яўген Бусько, брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве СВК “Маяк-Заполле” Вячаслаў Трафімчык,  трактарыст-машыніст КСУП «Царука» Уладзімір Пахадзенька, трактарыст-машыніст КСУП «Лукі-Агра» Сяргей Міхей, трактарыст-машыніст КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Ігар Брылевіч, майстар па рамонце абсталявання ААТ «Карэлічы-Лён» Леанід Ульянка, майстар змены «Карэлічы-Лён» участак «Ліда» Ірына Семяновіч, старшыня СВК «Жухавічы» Дзмітрый Янкоўскі, дырэктар ААТ «Карэлічы-Лён» Фёдар Жук, дырэктар ААТ «Карэліцкая сельгастэхніка» Аляксандр Барыла.

Традыцыйна адной з самых яркіх старонак фестывалю стала праца тэматычных падворкаў усіх раёнаў вобласці. Штогод на падворках прадстаўляюць лепшыя дасягненні і традыцыі свайго раёна. У Зэльве карэліччане прадставілі сваё брэндавае мерапрыемства — фестываль-ярмарку “Мікалаеўскі-кірмаш”, які праводзіўся калісьці на карэліцкай зямлі. Гасцей падворка сустракалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, якія калісьці насялялі мястэчка Мір: беларусы, яўрэі, татары і цыгане. Для наведвальнікаў гучала народная музыка ў выкананні ансамбля народнай музыкі і песні «Вечарынка» аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры». Кожны, хто прыйшоў на падворак, мог пакаштаваць хлебабулачныя вырабы, спечаныя ў ДП «Малюшычы», а таксама садавіну, вырашчаную клапатлівымі рукамі работнікаў СВК «Жухавічы». На падворку таксама была прадстаўлена прадукцыя ААТ “Карэлічы-Лён”.

На вуліцах Зэльвы размясціліўся горад майстроў, дзе свае ўменні дэманстравалі таленты з усёй вобласці. Карэліччыну прадстаўлялі майстар па ручным ткацтве паясоў Вольга Старжынская і рэзчык па дрэве Аляксандр Заблоцкі. Таксама былі прадстаўлены сувеніры, зробленыя майстрамі Карэліцкага Дома рамёстваў.

— Людзі падыходзяць, любуюцца паясамі, пытаюцца, як гэта зроблена, глядзяць на працэс, — расказвае Вольга Старжынская. — Відаць, што людзям цікава даведацца больш аб тым, як працавалі нашы продкі.

— На «Дажынкі» я прывёз выставу вырабаў, звязаных з жывёламі, паляваннем і рыбалкай, — кажа Аляксандр Заблоцкі. — Я сам захапляюся рыбнай лоўляй, люблю ціхае паляванне. Людзі набываюць сувеніры, ім гэта падабаецца.

Прадставілі сваю прадукцыю і работнікі Карэліцкага УКП БАН. Мяркуючы па чарзе, якая сабралася каля шатра, тавары, пашытыя карэліцкімі майстрамі, карыстаюцца попытам. Пацвярджае гэта і дырэктар прадпрыемства Ала Маковік:

— Людзі не проста падыходзяць і разглядаюць тавары, а з задавальненнем купляюць іх. Тут прадстаўлена амаль уся прадукцыя вытворчасці нашага прадпрыемства: пасцельная бялізна, шторы, пледы. Кожнага пакупніка сустракаем фірменнай усмешкай, ад якой павышаецца настрой і ў нас, і ў нашых гасцей.

На другой пляцоўцы прадстаўлены работы супрацоўнікаў і наведвальнікаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. На мальбертах радуюць вока карціны са скуры.

У Зэльвенскім скверы размясцілася традыцыйная выстава снапоў і караваяў «У гонар хлебаробаў».

Яшчэ адной добрай традыцыяй “Дажынак” стала святочнае шэсце аграрыяў і кіраўніцтва раёнаў па вуліцах горада “Уперад да дабрабыту”. Удзельнікамі калоны сталі людзі, якія ўнеслі важкі ўклад у агульны каравай. Шэсце ўпрыгожылі шэсць запрэжаных коней і гаспадары зямлі Жыцень і Жытніца. Каля галоўнай сцэны дэлегацыі раёнаў віталі госці “Дажынак”.

Права адкрыць фестываль-кірмаш было прадастаўлена старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Караніку. Звяртаючыся да гасцей «Дажынак», Уладзімір Сцяпанавіч адзначыў, што нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, якія склаліся сёлета, аграрыі Гродзенскай вобласці з гонарам вытрымалі ўсе выпрабаванні, пацвердзіўшы даўно і трывала замацаваную за Гродзеншчынай славу высокаразвітага сельскагаспадарчага рэгіёна краіны:

— Сёлета намалочана ў бункернай вазе больш за 1 мільён 750 тысяч тон збожжа, уключаючы рапс. Гродзенская вобласць забяспечыла без малога чвэрць агульнарэспубліканскага каравая. Сярэдняя ўраджайнасць складае 47 ц/га. Гэта лепшы вынік сярод усіх абласцей. Жніво зноў паказала, што гродзенцам пад сілу вырасціць і сабраць ураджай пры любых капрызах прыроды.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што заклад поспеху аграрыяў вобласці заключаецца, у першую чаргу, у людзях:

— Сакрэт шчодрасці гродзенскай нівы ні ў нейкім асаблівым клімаце або складзе глебы, а ў людзях. Людзях, якія забяспечваюць высокі ўзровень культуры земляробства, і працуюць разам, якія складаюць адзінае цэлае. Вы ў чарговы раз пацвердзілі справядлівасць мудрасці: сабрацца разам — пачатак, трымацца разам — прагрэс, працаваць разам — поспех! І сённяшняе свята — гэта яркае пацвярджэнне паспяховага завяршэння жніва.

Уладзімір Каранік падзякаваў аграрыям за іх нялёгкую працу:

— Я з задавальненнем кажу прысутным тут лепшым прадстаўнікам сваіх калектываў і ўсім без выключэння працаўнікам вобласці: “Дзякуй і нізкі паклон за праведзеную працу, якая забяспечвае ўпэўненасць у заўтрашнім дні”!

Наступным на святочную сцэну падняўся дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Вальфовіч:

— Свята “Дажынкі” традыцыйна становіцца фінальным этапам уборачнай кампаніі. Яно дазваляе падвесці асноўныя вынікі таго, што зроблена на палях, дазваляе сказаць дзякуй людзям, якія дзень і ноч працавалі, выконваючы задачы харчовай бяспекі ў любых умовах, не лічачыся з часам, разумеючы, наколькі гэта важна і адказна.

Таксама Аляксандр Вальфовіч зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з паспяховым завяршэннем уборачнай кампаніі:

— Дарагія сябры! Віншую вас са сканчэннем жніва і выдатным святам «Дажынкі-2023». Сельская гаспадарка — адна з найважнейшых галін эканомікі вобласці, якая дзякуючы вашым стабільным высокім вынікам стала візітнай карткай Гродзеншчыны. Сёлетні год — не выключэнне. Вобласцю сабрана каля 1 млн 400 тыс. тон збожжавых і зернебабовых пры сярэдняй ураджайнасці амаль 50 ц/га. Гэта лепшы вынік у краіне. Вырашчаны рэкордны ўраджай азімага рапсу. У сапраўдны момант прадуктыўна ідзе ўборка іншых сельскагаспадарчых культур. Перакананы ў вашых далейшых поспехах на ніве стварэння. Бо ў вас для гэтага ёсць усё неабходнае: веды і вопыт, звычка да руплівай працы, смеласць у прыняцці неардынарных рашэнняў і ўкараненні перадавых тэхналогій. Жадаю ўвасаблення ў жыццё самых смелых планаў і амбіцыйных пачынанняў, якія спрыяюць росквіту нашай дзяржавы, а таксама шчасця, аптымізму і дабрабыту пад мірным небам Беларусі.

Прывітальны ліст Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручылі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Караніку.

Віншаванне са святам жніва старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай са сцэны зачытаў старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч:

— Паважаны Уладзімір Сцяпанавіч, паважаныя працаўнікі аграпрамысловага комплексу Гродзенскай вобласці! Ад імя Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мяне асабіста прыміце самыя шчырыя віншаванні са святам працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023”. Вялікая працавітасць, найвышэйшая адказнасць і ўмела арганізаваная работа працоўных калектываў дазволілі рэгіёну годна вытрымаць планку лідара ва ўборачнай кампаніі, нарыхтоўцы кармоў і вытворчасці іншых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання. Дасягнутыя вынікі — яскравы прыклад гаспадарскага падыходу да справы і любові да роднай зямлі вяскоўцаў Гродзеншчыны. Ваш высокі прафесіяналізм, настойлівасць і мэтанакіраванасць, заснаваныя на багатых традыцыях, вопыце і ведах ветэранаў залатых палёў, з’яўляюцца надзейнай асновай для далейшага дынамічнага развіцця аграпрамысловага комплексу і ўсяго Прынёманскага краю. Нізкі паклон працаўнікам вёскі, усім тым, хто ўнёс пасільны ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі і рашэнне сацыяльна-эканамічных задач дзяржавы. Ад усёй душы жадаю вам далейшых поспехаў у імя працвітання дарагой сэрцу Беларусі і дабрабыту нашага народа. Здароўя, шчасця, міру, дабра і дастатку вам і вашым сем’ям.

Прывітальны ліст Наталлі Качанавай уручылі старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміру Караніку.

Павіншаваў хлебаробаў Гродзеншчыны памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў:

— Паважаныя хлебаробы! Адміністрацыя Кіраўніка дзяржавы далучаецца да ўсіх віншаванняў, якія прагучалі сёння ў ваш адрас. Сапраўды, вялікая праца — пасеяць, даглядаць і сабраць рэкордны ўраджай.

На кожным свяце прынята дарыць падарункі. На “Дажынках” узнагароды атрымліваюць тыя, хто дасягнуў асаблівых вышынь падчас уборачнай кампаніі. Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны брыгадзір вытворчай брыгады ў раслінаводстве СВК “Маяк-Заполле” Вячаслаў Трафімчык, для якога цяперашняя кампанія стала 43-й па ліку. Падзячным пісьмом старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагародзілі майстра змены ААТ “Карэлічы-Лён” участак “Ліда” Ірыну Семяновіч.

Павіншаваць хлебаробаў Гродзеншчыны на сцэну падняўся намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Леанід Заяц:

— Дарагія працаўнікі Гродзенскай вобласці! Для мяне вялікі гонар прыняць удзел у свяце аграрыяў і знаходзіцца сярод лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі нашай краіны. Менавіта ў гэтым годзе, у самых складаных кліматычных умовах, якія адчувалі ўсе земляробы нашай краіны, вам удалося забяспечыць самыя высокія паказчыкі ў нашай краіне. Сярод 12 раёнаў, якія перасягнулі статысячную мяжу, — чатыры раёны Гродзенскай вобласці; сярод дзевяці сельгаспрадпрыемстваў, якія перавысілі ўраджайнасць у 100 ц/га, — сем гаспадарак Гродзеншчыны.

Падзячнае пісьмо Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання ўручылі трактарысту-машыністу КСУП “Царука” Уладзіміру Пахадзеньку і майстру па рамонце абсталявання ААТ “Карэлічы-Лён” Леаніду Ульянку.

Не засталіся ў баку і прафсаюзы. Граматай Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК узнагародзілі трактарыста-машыніста ДП “Лукі-Агра” Сяргея Міхея, сертыфікат на набыццё пуцёўкі ў санаторый уручылі трактарысту-машыністу КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Ігару Брылевічу.

— Карэліцкі раён добра справіўся з уборачнай кампаніяй, — кажа першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Бусько. — На «Дажынкі» мы прыехалі з чацвёртым вынікам па ўраджайнасці і намалоце збожжавых, я лічу, што гэта годны паказчык. Наш раён — адзін з нямногіх у вобласці намалаціў звыш ста тысяч тон. Усё гэта заслуга нашых хлебаробаў, людзей, якія любяць і ведаюць сваю справу. Сённяшняе свята для іх. Заўсёды прыемна, калі такія высокія ўзнагароды атрымліваюць людзі, працу якіх ты бачыш асабіста.

Майстар змены ААТ “Карэлічы-Лён” участак “Ліда” Ірына Семяновіч кажа, што на заводзе працуе ўжо звыш 35 гадоў:

— Я 33 гады адпрацавала ў змене, і ўжо трэці год шчырую майстрам. Сённяшняе свята вельмі спадабалася. Усё зроблена з густам, з размахам. Я спачатку хвалявалася — раней ездзіла на ўзнагароджанні, але на “Дажынках” першы раз. Вельмі прыемна атрымаць такую высокую ўзнагароду з рук старшыні аблвыканкама Уладзіміра Караніка.

Трактарыст-машыніст ДП “Лукі-Агра” Сяргей Міхей працуе на прадпрыемстве з 1989 года. Кажа, што ўражаны размахам сённяшняга свята:

— На “Дажынках” я ўпершыню, мне тут вельмі спадабалася, уражаны атмасферай, якая пануе. Прыемна стаўленне кіраўніцтва раёна і вобласці да простых рабочых. Адчуўшы яго, разумееш, што нашу працу бачаць і цэняць, таму хочацца працаваць далей.

Сяргей СТОЛЯР

Фота і відэа аўтара і газеты «Гродзенская праўда»