У царкву Раства Іаана Прадцечы вярнулася Жухавіцкае Евангелле XVI стагоддзя

25 верасня ў Малых Жухавічах адбылася значная падзея: у царкву Раства Іаана Прадцечы вярнулася Жухавіцкае Евангелле XVI стагоддзя, выдадзенае ў выглядзе факсімільнай копіі.

Праект па комплекснаму навуковаму даследаванню помніка беларускага пісьменства Жухавіцкага Евангелля XVI ст. з фондаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук музей «Замкавы комплекс «Мір» ініцыіраваў у 2016 г. у рамках работы Камісіі па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак культурных каштоўнасцей.

Першыя пісьмовыя згадкі пра Жухавічы датуюцца сярэдзінай XV ст. У 1512 г. яны былі набыты Юрыем Іванавічам Іллінічам, заснавальнікам Мірскага замка. У 1569 г. Жухавічы ўвайшлі ва ўладанні Радзівілаў.

Жухавіцкае Евангелле адносіцца да ліку каштоўных помнікаў кніжнай культуры XVI ст. Фармат рукапісу in folio, тэкст напісаны на царкоўнаславянскай мове з беларускімі асаблівасцямі, графічны тып пісьма – устаў, мае мініяцюры з выявамі евангелістаў. Згодна з запісам, які захаваўся на адным з аркушаў рукапісу, Евангелле у кастрычніку 1733 г. знаходзілася ў царкве с. Малыя Жухавічы. Гэта значыць, што рукапіс мае беларускае паходжанне. Невядомы час перамяшчэння Жухавіцкага Евангелля ў Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча (дзейнічаў у 1921–1945 гг.). У Бібліятэцы імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Жухавіцкае Евангелле апынулася не пазней за 1947 г.

Актыўны працэс перамоў музея «Замкавы комплекс «Мір» з Бібліятэкай імя Урублеўскіх наконт атрымання якасных сканаў старонак рукапісу і абмеркавання кошту праводзіўся ў 2018–2021 гг. Усё зацягвалася ў сувязі з тым, што Жухавіцкае Евангелле патрабавала якаснай рэстаўрацыі, якая была ў выніку праведзена спецыялістамі бібліятэкі ў перыяд з 2020 па 2021 гг.

 

Паралельна высокакваліфікаванымі беларускімі спецыялістамі ў галіне вывучэння рукапісных помнікаў, гісторыі мовы і мастацтвазнаўства кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Ірынай Будзько і кандыдатам мастацтвазнаўства Аленай Пікулік у 2019 г. праводзілася комплекснае навуковае даследаванне помніка пісьменства. Імі было праведзена вывучэнне мовы рукапісу, зроблены аналіз лексічных асаблівасцей тэксту, мастацкіх і іканаграфічных асаблівасцей мініяцюр і заставак і г.д.

І толькі ў студзені 2022 г. музей «Замкавы комплекс «Мір» атрымаў 737 доўгачаканых якасных сканаў старонак кнігі.

Наступным этапам стала стварэнне друкаванага варыянта факсімільнага выдання Жухавіцкага Евангелля, якое было здзейснена ў верасні гэтага года. Яно падрыхтавана тыражом 99 экзэмпляраў з захаваннем усіх асаблівасцей арыгінала.

Дадаткам да факсімільнага выдання з’яўляецца вынік працы Ірыны Будзько і Алены Пікулік «Даследаванне мовы і мастацкага аздаблення помніка беларускага пісьменства XVI ст. Жухавіцкага Евангелля».

Абедзве кнігі ў бліжэйшы час паступяць у Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальную кніжную палату, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь і Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кнігі таксама можна будзе набыць у сувенірнай краме музея.

 

Жухавіцкае Евангелле да гэтага часу было амаль невядома ў Беларусі. Яно не згадваецца ў асноватворных працах па гісторыі беларускай кнігі, пісьменнасці і беларускага мастацтва. Таму вынікі рэалізаванага праекта дазволяць не толькі працягнуць плённае яго навуковае вывучэнне, але і шырока рэпрэзентаваць Жухавіцкае Евангелле як выдатны узор кніжнай культуры і кніжнага мастацтва Беларусі.

Вольга НАВІЦКАЯ,
намеснік дырэктара
па навуковай і асветніцкай рабоце

музея «Замкавы комплекс «Мір»