Эльвіра Сарока, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь: «Еўрапейская “гасціннасць” дае мігрантам толькі адну магчымасць — магчымасць памерці на чужой зямлі» 

У лістападзе 2021 года разам з іншымі сенатарамі я прыязджала ў лагер бежанцаў на беларуска-польскай мяжы. Тады мы прывозілі ім гуманітарную дапамогу: ваду, прадукты харчавання, цёплыя рэчы. Дагэтуль у мяне ў памяці вочы маленькіх дзяцей, старых, жанчын — у роспачы і расчараваных, безабаронных і разгубленых. Яны ішлі ў «дэмакратычную» Еўропу па лепшае жыццё, ратуючыся ад вайны і разрухі, а польскія памежнікі сустрэлі іх дубінкамі і вадамётамі; беглі ад голаду і холаду — а іх «накармілі» слёзатачывым газам і «паклалі» на халодную лістападаўскую зямлю. Вось такая яна, еўрапейская «гасціннасць»!

Тое, што тады здарылася, упершыню закранула нас і стала сапраўдным шокам. Мы з нецярпеннем чакалі штодзённую інфармацыю пра абстаноўку ў лагеры мігрантаў, дзе знаходзілася каля 4 тысяч чалавек, і чыталі яе як ваенныя зводкі. У гэтай сітуацыі беларусы праявілі свае самыя лепшыя якасці, паказаўшы ўсяму свету прыклад чалавечнасці і прыязнасці. Жыхары нашай краіны працягнулі бежанцам руку дапамогі, не пакінулі ў бядзе. І з дапамогай Беларусі той міграцыйны канфлікт атрымалася ўрэгуляваць. Але праз два гады міграцыйная палітыка нашых суседзяў не змянілася і па-ранейшаму застаецца вельмі жорсткай і цынічнай. У адносінах да бежанцаў працягвае рабіцца сапраўднае вар’яцтва. Іх падвяргаюць гвалту, збіваюць, калечаць і нават забіваюць. Так званы свет неабсяжных магчымасцяў, дэмакратыі і свабоды, якім пазіцыянуе сябе Еўрасаюз, дае няшчасным мігрантам адну толькі магчымасць – магчымасць памерці на чужой зямлі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, нашымі пагранічнікамі з пачатку бягучага года на прыгранічнай тэрыторыі былі знойдзены целы 23 бежанцаў. Мяркую, што гэта далёка не ўсе ахвяры злачынных дзеянняў сумежных дзяржаў ЕС, многія целы яшчэ не знойдзены.

Літаральна на днях у Пружанскім раёне на мяжы з Польшчай беларускія пагранічнікі знайшлі пакалечаных бежанцаў з Афганістана і Бангладэш. Яны расказалі, што польскія пагранічнікі жорстка здзекаваліся з іх і збівалі. У двух мужчын былі пераламаныя ногі. За што? Чым правініліся? Адказу на гэтае пытанне, на жаль, няма, як няма рэагавання на такія факты з боку ЕС. Таму мы не маем права заплюшчваць вочы на еўрапейскае самаўпраўства, інакш будуць новыя ахвяры і новыя смерці.