Неделю родительской любви в Кореличах открыли торжественным приемом семей

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры ў рамках Тыдня бацькоўскай любові праведзена сустрэча  кіраўніцтва раёна з сем’ямі раёна. Яна праводзілася напярэдадні Дня маці і атрымалася шчырай і хвалюючай.

Пра сям’ю, маці, шчасце

Дзень маці —  свята, калі яшчэ раз можна прызнацца ў любові  роднаму чалавеку. Гэтая сустрэча дапамагла задумацца аб сэнсе сям’і, ролі маці,  простым чалавечым шчасці.

Сапраўды, у сям’і дзеці вучацца любові, адказнасці, клопату, павазе. У іх бацькі бачаць сябе, а малодшыя многае бяруць ад старэйшых. Стварыць сям’ю нялёгка, а захаваць яшчэ  складаней. Залог шчасця  ў дабрыні, любові, шчырасці, спагадзе — у кожнага свае сакрэты.

Галоўны чалавек у сям’і — матуля. Яе любові хапае на ўсіх дзяцей. Яна любіць шчыра і адкрыта, усю ласку і пяшчоту аддае тым, каму падарыла жыццё. Любоў маці не мае межаў і вяртаецца ўдвайне ад дачок і сыноў.

Уся любоў дзецям

 У сям’і чалавек вучыцца любіць і шанаваць, паважаць і давяраць. З дзяцінства ў ёй закладваюцца ўрокі працавітасці, якія чалавек праносіць праз усё жыццё. Становіцца старанным працаўніком і добрым сем’янінам. Пацвярджэнне таму  сем’і, якія прысутнічалі на свяце.

Гэты залаты спіс хочацца пачаць са шматдзетных: Надзея і Сяргей Турко з аграгарадка Вялікія Жухавічы, Анаіт Арзуманян і Нарэк Геваргян з г.п. Мір, Юлія і Аляксандр Сасноўскія з г.п. Карэлічы, Юрый і Таццяна Тананка з аграгарадка Лукі, Наталля і Валерый Шэўка з аграгарадка Краснае, Таццяна і Арцём Лазінскія — працаўнікі ДП «Племзавод Карэлічы» і іншыя. У сям’і Святланы і Мікалая Стацэвіч з райцэнтра — пяцёра дзяцей.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел таксама сем’і, у якіх выхоўваецца двое і адно дзіця. Гэта не меншая адказнасць: кожнае патрабуе асаблівай увагі і пастаянных клопатаў. Гэта добра разумеюць бацькі, і ўсю сваю любоў аддаюць дзецям.

Раздзялілі радасць

На ўрачыстасць завіталі прадстаўнікі мясцовай улады, каб разам з сямейнымі парамі і іх дзецьмі раздзяліць радасць з нагоды важных дат у нашым календары — Дня маці і Дня бацькі. Старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў адзначыў, што ў нашай краіне шмат робіцца для падтрымкі статуса сям’і, а ў Канстытуцыі вызначана, якой яна павінна быць на сучаснаым этапе. Колькасць шматдзетных сем’яў павялічваецца. Аднак непакоіць павелічэнне колькасці разводаў, ад чаго пакутуюць дзеці. Аляксандр Віктаравіч пажадаў усім добрага здароўя, і каб у сем’ях панавалі ўзаемадавер і шчасце.

Намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Яўген Чычкан выказаў задаволенасць тым, што з’явілася новае свята — Дзень бацькі. Разам з тым прамоўца адзначыў, што ролю і значэнне маці ніхто не адмяняў,  на яе плечы ўскладваецца вялікая адказнасць, і са сваімі абавязкамі маці спраўляюцца паспяхова.  «Вы — прадстаўнікі лепшых сем’яў раёна. Вы — добры прыклад для пераймання», — сказаў Яўген Мікалаевіч і пажадаў прысутным  міру, дабра, утульнасці, і каб дзеці радавалі, не забывалі пра сваіх бацькоў.

Свята ў радасць

Сустрэча з сем’ямі раёна атрымалася шчырай і хвалюючай. Яе дапамагалі ладзіць работнікі культуры. Пранікнёныя словы вядучай урачыстасці Ірыны Бондаравай краналі да глыбіні душы. Добрыя мелодыі ў выкананні Алесі Рачынскай, Аляксандра Каляды, Аляксандра Чарапанава ўзнімалі настрой прысутных.

Не забыліся ў гэты дзень пра дзяўчынак і хлопчыкаў. У госці да дзяцей завітала Весялінка. Напачатку яна прапанавала ім патанцаваць, затым правяла конкурс «Закончы прымаўку» і прапанавала дзіцячыя вершы, у якіх трэба было дагаварыць канцоўку. Напрыканцы запрасіла ўсіх на танцавальную міні-пляцоўку.

Прадстаўнікі мясцовай улады Аляксандр Шкадаў і Яўген Чычкан уручылі сем’ям раёна памятныя падарункі.

Слова — удзельнікам урачыстасці

Алёна і Сяргей БЯЗМЕН,

жыхары г.п. Карэлічы:

— У нашай сям’і  двое дзяцей. Ганна вучыцца ў 6 класе сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы, Андрэй наведвае дзіцячы сад № 1 райцэнтра. Сям’я — самае важнае і дарагое ў жыцці, а дзеці — нашы прадаўжальнікі. Хочацца, каб яны выраслі дастойнымі, працавітымі, добрымі.

Зінаіда КУЗЬМІЧ,

маці траіх дзяцей,

жыхарка вёскі Лясок Красненскага сельсавета:

— У мяне ўжо дарослыя дзеці, яны вызначыліся ў жыцці. Маю 7 унукаў. Я — шчаслівы чалавек,  са мной дарагія і родныя людзі. Усе жывуць побач, на Карэліччыне, і гэта, безумоўна, вельмі радуе.

Вера і Андрэй ГАЎРОШ,

жыхары аграгарадка Турэц Турэцкага сельсавета:

— Мы працуем у КУСП «Чарняхоўскі-Агра». У нашай сям’ — двое дзяцей, ужо дарослыя, жывуць і працуюць у гарадах. Сям’я — галоўнае ў жыцці, яна павінна быць трывалай, моцнай, дружнай, і каб у ёй панавалі давер і павага.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ