Гісторыя кахання сям’і Бабанскіх з г.п. Карэлічы даўжынёю ў 60 гадоў

Гісторыю кахання Галіны Пятроўны і Уладзіміра Кірылавіча Бабанскіх можна аднесці да ліку незвычайнай, захапляльнай, павучальнай. Яны жылі – ні аб чым не шкадуючы, проста любілі і аберагалі. Самымі ж надзейнымі лекамі ад усіх хваробаў, на якія ніколі і ні ў кога не будзе алергіі, з’яўляліся для іх каханне і пяшчота, апантаная беражлівасць у адносінах да сям’і, да суладдзя ва ўзаемаразуменні паміж сабою, вернасць. У гэтым годзе яны планавалі адзначыць 60-гадовы юбілей сумеснага жыцця. Не атрымалася… Цяжкая хвароба забрала Уладзіміра Кірылавіча ў той далёкі свет, адкуль няма зваротнай дарогі, а Галіна Пятроўна ніяк не можа звыкнуцца з непапраўнай стратай, хоць прайшло ўжо некалькі месяцаў, як яго не стала. Перанесці гора дапамагаюць клопат і любоў сыноў, іх сем’яў, падтрымка родных і блізкіх, суседзяў ды ўспаміны аб шчасці сумеснага жыцця, асвечанага сэнсавай мудрасцю некалі любімай Галінай Пятроўнай і Уладзімірам Кірылавічам песні “Эхо любви”:

…И даже в краю

                наползающей тьмы                                          

За гранью смертельного

                                          круга

Я знаю, с тобой

                 не расстанемся мы,

Мы — память, мы — память,

Мы — вечная нежность

                               друг друга…

Рэліквіі ў доме могуць захоўвацца розныя. У доме Бабанскіх самая дарагая рэліквія — сямейны фотаальбом. У ім — фотаздымкі шчаслівых імгненняў, летапіс жыцця гаспадароў, пачынаючы з 1963 года, пачатку іх сямейнага саюза. Мне пашчасціла калісьці пабываць у незвычайна гасцінным доме гэтых цудоўных людзей, гартаць альбом, прыхінуцца сэрцам да іх непасрэднасці і дабрыні, дзівіцца нерастрачанай імі за дзясяткі гадоў закаханасці, вернасці ў пачуццях, любові да жыцця, да людзей, да зямлі, якія дапамаглі перажыць самае страшнае гора, якое можа быць у бацькоў – страту сына. І насуперак выпрабаванням лёсу заставацца Людзьмі, прыкладам мужнасці і чалавечнасці для сыноў, Валодзі і Юрыя, іх сем’яў. Можа, таму іх дом патанаў і патанае (дзякуючы руплівым рукам гаспадыні) у кветках, а кветкі, кажуць, шчодра цвітуць толькі ў добрых і шчырых людзей…

Уладзімір і Галіна Бабанскія ў дзень свайго вяселля

Уладзімір і Галіна Бабанскія выхавалі траіх сыноў

 Амаль дэтэктыўная гісторыя

У далёкія 60-ыя гады гаваркі, зухаваты, прыгожы салдацік з Кубані праходзіў службу ў воінскай часці ў г. Навагрудак. Весялун, адмысловы танцор, незаменны канферансье ў час канцэртаў. Яго ведалі ў гарадку амаль усе. Аднойчы жонка яфрэйтара прывяла на танцы ў Дом культуры маладзенькую смугляначку-прыгажуню. Стаяла яна ў вугалочку асабняком, палахліва азіраючыся. Эх, была не была! Запрасіў кубанскі казак дзяўчынку на адзін танец, другі — не адмовіла, а вось праводзіць дамоў не дазволіла. Праз месяц атрымаў Валодзя звальненне, не вытрымаў, пайшоў да хаты, дзе жыла Галіна (высачыў-такі тады ў першы дзень знаёмства адрас). Зайшоў у дом, а ў яе – сяброўка. З сяброўкай жартуе, смяшком цалуе, Галю ж – саромеецца, хоць баязлівым сябе не лічыў. Проста баяўся прызнацца, што трапіла ягонае сэрца ў палон дзявочых чорных вачэй. А яна – нуль увагі! Спачатку думаў, можа, нехта ў яе ёсць, нават праверку арганізаваў. Аказалася, за душой у смуглянкі няма нікога. А тут – прыбліжаліся дні дэмабілізацыі, сэрца рвалася на часткі, хоць ад дзяўчат адбою не было, пісьмы ад іх з Кубані ішлі касяком. Галіна ж гонар трымала, а сама ўжо каторую ноч не спала, трызніла сустрэчамі, нічым не выдала свой душэўны стан, пры развітанні ж заявіла: “Разбярыся дома з дзяўчатамі, патрэбна буду, прыедзеш…”

Вярнуўся Валодзя на Радзіму, у кожнай хаце яго, як жаданага зяця сустракалі, а ў яго сэрцы – беларусачка Галя, хвалюе, не адпускае. Вырашыў ён прымяніць невялікую хітрасць: напісаў два пісьмы тым, да каго быў найбольш прыхільны: Галіне і Нэлі: “Калі хочаш быць са мною, прыязджай!” Тэлеграму прыслала толькі Галя: “Прыеду. Чакай.” Радасны, прымчаўся хлопец дамоў: “Мама, я жанюся!” 154 рублі зняла маці з кніжкі, 150 пазычылі, купіў білет на самалёт і – ў Беларусь! Родныя Галі візіт “зяця” прынялі ў штыкі: “Дурніца, адумайся, куды ты паедзеш?” Тады пайшоў бравы казак на падман: падагнаў таксі, забраў каханую з клункамі — і паімчаліся яны ў Мінскі аэрапорт. Прывёз нявесту ў сваё кубанскае сяло, а там – хата маленькая, падлога земляная, бяднота. Маці гадавала дзяцей адна, без бацькі. Збегліся суседзі: каго ж прывёз? А яна пакарыла сваёй дабрынёй, працавітасцю Валодзеву радню, усіх з першых хвілін, прынялі яе адзінадушна ў кубанскую сям’ю як родную, як сваю. Галіна здзівіла ўвішнасцю, добразычлівасцю, сціпласцю, хутка стала стаханаўкай на вінаградніках, дома навяла такі парадак, што людзі цуду даваліся. Жыццё паціхеньку наладжвалася, Валодзя паступіў у тэхнікум, і хоць нялёгка было, іх шчасце склалася з вялікага, сапраўднага кахання. Яны не маглі жыць адзін без аднаго ні хвілінкі. І ў маладосці, і ў старасці…

 Перыпетыі лёсу

У суседнім з сялом гарадку, дзе вучыўся хлопец, спачатку жылі яны ў студэнцкім інтэрнаце ў адным пакоі з чатырма хлопцамі, пазней знялі кватэру, куды сябры прынеслі сякую-такую мэблю (у кватэры нічога не было!), посуд. Дзе бралі, не прызнаваліся. Галя дапамагала любаму, як магла: пісала яму кантрольныя, шпаргалкі. Бывае, ён здае экзамен, хлопцы паднімуць яе на руках да акна, а яна моліць Бога, каб здаў. Першы сын нарадзіўся там, на Кубані. Ёй тэрмін нараджаць наступіў, а Валодзю адпраўляюць на цаліну. Прыбег развітацца ў радзільны дом, прынёс цэлы сноп кветак, цалуе, супакойвае: “Усё будзе добра, я ж хутка прыеду!” Па шэсць паштовак у дзень слаў з цаліны, а, прыехаўшы, прыкладаў усе намаганні, каб забяспечыць любімых жонку і сына неабходным. Але бывалі і такія дні, што ў іх не было чаго есці, ізноў на дапамогу прыходзілі верныя сябры, а Валодзя ў свабодныя хвіліны разгружаў вагоны, каб зарабіць капейку. Цяжкасці кампенсаваліся пяшчотай. Бывала, прыбяжыць стомлены дамоў, падхопіць Галінку з сынам на рукі і носіць як маленькую. Не нылі, не сварыліся, складанасці ператваралі ў жарт, а ўсе нягоды лячылі непамерным каханнем, надзеяй, упэўненасцю: часовыя перашкоды не паўплываюць на іх шчасце. Галіна Пятроўна мудрасцю жаночай, цеплынёй свайго сэрца сагравала дом, сям’ю, Уладзімір Кірылавіч – мужчынскім гонарам, вернасцю і адказнасцю, памятаючы пры гэтым, што жыццё ломіць моцных, ставячы іх на калені, каб даказаць, што яны могуць падняцца. Слабых жа яно не чапае: яны без таго ўсё жыццё на каленях. Для яго было пранцыповым прытрымоўвацца ў сям’і жалезнага правіла – памыляецца – кожны, прызнае памылкі – носьбіт чалавечай годнасці, просіць прабачэння – мужны, аднаўляе адносіны – любячы. Таму і была сям’я за ім, як за каменнай сцяной. Галіна Пятроўна  ж з’яўлялася стваральніцай, берагіняй дамашняга тыла, у аснове якога ляжала разуменне: каб стаць любімай, не трэба быць заўсёды правай, а месца жанчыны – быць побач. Не вышэй, не ззаду, а побач. Каб у патрэбны момант яна магла ўзяць мужчыну за руку ці адысці ўбок і не перашкаджаць яму, быць не цэнтрам Сусвету, а Спадарожніцай. Мабыць, таму лёс спрыяў ім у вырашэнні многіх пытанняў: Валодзя атрымаў, як і хацелася, размеркаванне ў Беларусь, асталяваліся ў Карэлічах, тут пусцілі карані, далі жыццё яшчэ двум сынам, пабудавалі прасторны дом, пасадзілі сад. Паспяхова складалася і працоўная дзейнасць Уладзіміра Кірылавіча, якую пачаў ён у 1966 годзе інжынерам Навагрудскай механізаванай калоны № 13.  Завочна скончыў Мінскі політэхнічны інстытут.

З 1969 па 1975 гады працаваў галоўным інжынерам Карэліцкай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі, 5 гадоў кіраваў Карэліцкай перасовачнай механізаванай калонай № 68. У 1988 г. быў прызначаны начальнікам вытворча-тэхнічнага аддзела Карэліцкага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення № 158, пасля да выхаду на пенсію ўзначальваў  ДРБУ-158. Галіна Пятроўна паспявала быць цудоўнай работніцай і адмысловай гаспадыняй.

Дзеці і ўнукі – увасабленне сямейных каштоўнасцей

На працягу ўсяго жыцця Галіна Пятроўна і Уладзімір Кірылавіч Бабанскія самай адказнай прафесіяй і самай патрэбнай лічылі выхаванне дзяцей не па навуковых дапаможніках, а на асабістым прыкладзе, дзе на галоўным месцы – агульначалавечыя каштоўнасці, якія фарміруюць рысы сапраўднага чалавека: працавітасць, паважлівасць, адукаванасць, адданасць бацькоўскаму дому, любоў да роднай зямлі, да людзей. Яны былі ўпэўнены, што ніякія нястачы, цяжкасці не здольны разбурыць сям’ю, калі яна заснавана на сапраўдным каханні, на ўзаемаразуменні, вернасці, на ўменні прабачаць, дараваць, зразумець, падтрымаць. Сваім сынам перадалі гэтыя прыгожыя людзі просценькую азбуку жыцця, якая ў народзе жыве вякамі і застанецца ў спадчыну ўнукам. Сыны і ўнукі не падвялі Бабанскіх. Сын Валодзя скончыў інстытут народнай гаспадаркі, працуе ў банкаўскай сістэме. Яго старэйшая дачка таксама банкаўскі работнік, малодшая – спецыяліст па кадрах на адным з прадпрыемстваў Мінска.

Юрый, як і бацька, вучыўся ў політэхнічным інстытуце (перайменаваны пазней у акадэмію), працуе ў Карэліцкім дарожна-рамонтным будаўнічым упраўленні. У яго сям’і – чацвёра дзяцей. Старэйшая і малодшая дочкі – залатыя медалісткі Карэліцкай СШ № 1. Старэйшая —  выпускніца Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, малодшая — студэнтка гэтай жа ўстановы, сярэдняя займаецца ў медуніверсітэце г. Мінска, сын – вучань СШ № 1 г.п. Карэлічы. Ганарыцца ёсць кім. Падчас размовы Юрый Уладзіміравіч шчыра прызнаўся: “Мама ніколі не жыла для сябе, галоўным клопатам для яе з’яўлялася сям’я. Больш бы такіх мамаў і татаў, як мае, не існавала бы праблем у грамадстве з падрастаючым пакаленнем. Дзякуючы ім мы з братам засвоілі залатое правіла: “Без вернасці адзін аднаму сям’і ніколі не будзе! Вернасць і сумленнасць – вось што мацуе сям’ю!” А мне ўспомніліся (на жаль, не памятаю, кім сказаныя) словы: “Навошта мне другія? Я не хачу быць вагонам, у каторы ўваходзяць і выходзяць. Мне патрэбен адзін пасажыр, з якім я даеду да канечнай…”

Гісторыя ж кахання Галіны Пятроўны і Уладзіміра Кірылавіча адкладваецца ў сэрцы своеасаблівым напамінам-наказам, агучаным паэтычнымі радкамі Міхаіла Рабініна:

…Не заменит внешность

            губ неярких нежность,

Маленького сердца большую

                                   доброту.

Преданность и верность

           не заменит внешность.

Только вот не каждый видит

                          эту красоту…

Галіна КАЛТУНОВА

Фота з сямейнага архіва