Праз бібліятэку да духоўных крыніц: шлях Жухавіцкай сельскай бібліятэкі да перамогі ў Рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”

Бібліятэкар Жухавіцкай сельскай бібліятэкі Марына Пясецкая стала пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання” ў намінацыі “Гісторыя Праваслаўя роднага краю” і ўзнагароджана Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна.

Бібліятэкар Жухавіцкай сельскай бібліятэкі Марына Пясецкая ўзнагароджана Граматай Патрыяршага Экзарха Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна

Штогадовы рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання” быў заснаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой для ўдасканалення дзейнасці царкоўных і свецкіх бібліятэк, актывізацыі работы па выхаванні патрыятызму і грамадзянскасці дзяцей і моладзі на аснове праваслаўных традыцый. Суарганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.23 лістапада на цырымоніі адкрыцця IX Беларускіх Калядных чытанняў “Праваслаўе і айчынная культура: страты і здабыткі мінулага, вобраз будучыні” ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі Марына Пясецкая прыняла ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу.

– На творчае спаборніцтва пад эгідай Беларускай Праваслаўнай Царквы былі пададзены больш за 130 работ бібліятэк з усёй краіны ў чатырох намінацыях. Свае сілы ў конкурсе паспрабавала бібліятэкар Жухавіцкай сельскай бібліятэкі Марына Пясецкая, – расказала метадыст аддзела маркетынгу УК “Карэліцкая  раённая бібліятэка” Марына Роўдан. – Матэрыял для напісання пошукавай работы “Гісторыя храма святых апосталаў Пятра і Паўла агр. Вялікія Жухавічы” збіраўся на працягу трох гадоў. Была праведзена доўгая плённая пошукавая праца  зацікаўленых людзей: мясцовага жыхара Аляксандра Драткоўскага, супрацоўнікаў аддзела бібліятэчнага маркетынгу Карэліцкай раённай бібліятэкі. Конкурсная работа ўяўляе сабой абагульнены матэрыял з розных крыніц: спадчына святароў, рэспубліканскіх і раённай газеты “Полымя”, часопісаў, энцыклапедычных выданняў бібліятэкі, сведак гістарычных падзей, старажылаў, розныя сайты сеткі Інтэрнэт.

Спечыялісты аддзела маркетынгу УК «Карэліцкая раённая бібліятэка» Наталля Казарэз, Марына Роўдан і Алена Лісоўская

Марына Чаславаўна засяродзіла ўвагу на разнастайных формах і метадах папулярызацыі духоўна-маральнай літаратуры, расказала аб супрацоўніцтве з царквой   агр. Жухавічы. Прывяла прыклады сумеснай дзейнасці: сустрэчы са святарамі, духоўныя чытанні, урокі міласэрнасці, маральнасці, дабрыні, агляды літаратуры і літаратурныя вечары. Аўтар работы апісала, якой бачыць сваю задачу па далучэнні чытачоў да хрысціянскай спадчыны нашай краіны і фарміраванні духоўна моцнага і маральна здаровага насельніцтва і, у першую чаргу, падрастаючага пакалення.

Праца Жухавіцкага бібліятэкара прайшла ў заключны тур конкурсу і была прызнана лепшай у намінацыі “Гісторыя Праваслаўя роднага краю”. Рэспубліканскае журы прысудзіла прызавыя месцы і заахвочванні сямі публічным бібліятэкам рэспублікі.

Бібліятэкар Жухавіцкай сельскай бібліятэкі Марына Пясецкая падзялілася:

– Для мяне запрашэнне на мерапрыемства было прыемнай нечаканасцю. Саму атмасферу ўрачыстасці можна назваць вельмі гарманічнай. Усё прайшло ў досыць цёплай атмасферы. Я лічу, што такія праекты вельмі патрэбныя, бо гэта добрая трыбуна для трансляцыі вопыту і ідэй. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці усім, хто дапамагаў у напісанні конкурснай работы, а арганізатарам за эмоцыі і прыгажосць!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і з архіва Карэліцкай раённай бібліятэкі