Соседские войны приводят на прием в Кореличский райисполком

Двойчы ў месяц старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў праводзіць асабісты прыём грамадзян. У асноўным людзі прыходзяць з просьбамі і канструктыўнымі прапановамі, але не абыходзіцца і без скаргаў на «бліжняга свайго».

У прыватнасці, жыхарка Навагрудскага раёна, у якой у Карэліцкім раёне ёсць дача, паскардзілася на свайго няўжыўчывага суседа. Праблемы ў суседзяў узнікаюць з-за таго, што зямельны ўчастак у іх не размежаваны, а плот, пастаўлены яшчэ іх бацькамі, па сутнасці ўстаноўлены фармальна. У мужчыны да новай суседкі накапіўся шэраг прэтэнзій: маўляў, дрэва пасаджана занадта блізка да плота і замінае, а зараз яна пачала будаваць каналізацыйны сэптык, які, магчыма, закранае частку яго ўчастка. Ізноў-такі гукі рамонту за суседскім плотам перашкаджаюць, хоць усе работы праводзяцца паводле закона аб цішыні. Аднак слухаць ніякія довады мужчына не хоча, а нядаўна перайшоў да непапулярных дзеянняў: абразіў жанчыну і кінуў у яе бок камень. У выніку — прыезд міліцыі, суд і штраф.

Суседскія войны, падобныя гэтай, могуць працягвацца не тое што гадамі, а цэлымі дзесяцігоддзямі. Яны забіраюць нямала сіл, нерваў і фінансаў. Часам варожасць перадаецца ў спадчыну, да дзяцей і ўнукаў. І ні мясцовая ўлада, ні міліцыя і ні суд не змогуць прымірыць тых, хто жыве па суседстве, але не па-людску. Ваюючыя бакі павінны самі сесці за стол перагавораў і дамовіцца палюбоўна або ўзяць і нарэшце падзяліць участак зямлі па законе, звярнуўшыся ў дзяржорганы. Праўда, на гэта трэба будзе патраціцца, але затое не трэба будзе марнаваць свае нервы і час кіраўніцтва раёна і праваахоўнікаў на суседскія войны.

Іна ЛЕЙКА

Ілюстрацыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц