Учора і сёння прыхода Ярэміцкай царквы

Царква Ушэсця Гасподняга ў Ярэмічах — сапраўдная птушка Фенікс. Яна перажыла не адну вайну, занядбанне ў савецкія часы, але акрыяла і адрадзілася. Месца тут моцнае, намоленае. Сёння храм з’яўляецца галоўным упрыгажэннем аграгарадка. У 2019 годзе да VІ адкрытай абласной навукова-практычнай канферэнцыі пра царкву Ушэсця Гасподняга ў аграгарадку Ярэмічы сабралі матэрыялы выпускніцы Ярэміцкай базавай школы імя У. А. Калесніка Ангеліна Анацкая і Надзея Назарэвіч, кіраўнік музея школы Любоў Пляскач. Думаецца, пра гэта будзе цікава даведацца нашым чытачам.

Прыходская царква Ушэсця Гасподняга ў Ярэмічах. Канец XIX-пачатак XX стст.

З гісторыі

Аналіз матэрыялаў, змешчаных у кнігах «Памяць. Карэліцкі раён», «Родники разумного, доброго, вечного» Мікалая Ламана і Мікалая Кергета, архіўных дакументаў «Клировые ведомости церквей Новогрудского уезда за 1844-1913 г.г.», а таксама «Картосхемы графства Турецкого в начале ХІХ века» даюць права сцвярджаць, што тэрытарыяльныя межы прыхода Ярэміцкага храма не змяняліся з пачатку ХVІІІ стагоддзя і да нашых дзён. Колькасць прыхаджан на працягу ХVІІІ-ХХ ст.ст. моцна вагалаcя. У пачатку ХVІІІ ст. у выніку набегаў з усходу і поўдня багатае графства збяднела, колькасць насельніцтва зменшылася, але ўжо ў другой палове гэтага стагоддзя значна вырасла. Напрыклад, у 1777 годзе ў Ярэмічах налічваўся 81 дым, у 1897 годзе было 122 двары і 797 жыхароў, у 1908 годзе ўжо 172 двары і 1240 жыхароў.

За час Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі з Ярэміч выехала ў бежанства каля 50% жыхароў, і нават на канец 1940 года тут налічвалася толькі 609 чалавек і 129 двароў. Яшчэ больш знішчальнай аказалася для нашых землякоў Вялікая Айчынная вайна. Фашысты цалкам спалілі 8 нашых вёсак, а Новае Сяло разам з жыхарамі. 241 праваслаўная душа ўзнялася ў неба разам з дымам пажарышчаў. Такім чынам устаноўлена, што тэрытарыяльныя межы прыхода Ярэміцкага храма заставаліся нязменнымі з пачатку ХVІІІ стагоддзя, а колькасць прыхаджан увесь час змянялася і была абумоўлена гістарычнымі падзеямі ў рэгіёне.

Прыходская Свята-Ушэсцеўская царква

У 1790 годзе на плошчы ў мястэчку Ярэмічы памешчыца Людвіка Хадкевіч пабудавала праваслаўную прыходскую Узнясенскую царкву. Гэта быў драўляны храм з адной заходняй званіцай. На яго будаўніцтва прывозілі смалістыя, таўшчэзныя бярвёны з графскага лесу Налібоцкай пушчы.

На беразе Нёмана, у мястэчку Ярэмічы, на шырокай плошчы, абмежаванай чыстымі прыстойнымі хаткамі і садамі, пабудавана ў 1867 годзе мураваная царква на сродкі дзяржаўнага казначэйства на 15 660  рублёў срэбрам. 150 гадоў яна радуе вочы прахожых і душы прыхаджан сваёй прыгажосцю.

У 1886 годзе штабс-капітан Зімін ахвяраваў храму абраз «Маці Божая ўсіх смуткуючых радасць» на кіпарыснай дошцы.

З усіх абразоў вылучалася сваёй таямнічасцю ікона Божай Маці ў прыгожым залочаным ківоце замежнай работы, купленая ў 1803 годзе ў Лаўрушаўскім ці Лаўрэтанскім манастыры спецыяльна для Ярэміцкай царквы і «абноўленая ў 1867 годзе на 300 рублёў». Гэтая ўнікальная ікона бясследна знікла.

Перад цудатворным абразам Маці Божай у 1884 годзе вясковы жыхар Іван Клаўсуць абсталяваў лампаду і ахвяраваў свой сенакос у 2 дзесяціны і 1543 сажні на набыццё алею і абслугоўванне яе. Агонь прывезлі з Іерусаліма 23 жніўня 1884 года, і ён не згасаў дзень і ноч. Вялікай пашанай карыстаўся абраз Казанскай Божай Маці, падараваны імператрыцай Марыяй Фёдараўнай у 1887 годзе ў Ярэміцкую царкоўна-прыходскую жаночую школу. У гады «хрушчоўскіх ганенняў» на царкву храм быў перададзены калгасу імя Царука.

«Можа, у 1968 ці 1969 годзе з храма ўсё вывезлі ў Турэц. Пусты будынак неяк хутка пацямнеў, стаў абшарпаным і няўтульным. Там-сям былі пабітыя вокны. Праз дзіркі заляталі вароны і вілі гнёзды. Пасля крыху вычысцілі і аддалі пад склад інвентару піянерскага лагера, які кожнае лета збіраў дзяцей з усяго раёна ў Ярэмічы на адпачынак. Крыўдна і балюча было глядзець на знявечаны храм» (з успамінаў Бандарык Г. У., 1930 г. нар.).

У 1989 годзе храм быў адрамантаваны і вернуты веруючым.

Асобна ад храма з 1868 года стаіць каменная 2-ярусная званіца, якая служыць уваходам у царкву. Яна таксама пабудавана з бутавага каменю на сродкі прыхаджан у памяць вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці 19 лютага 1861 года. На званіцы было ўстаноўлена 5 званоў. Нашы званы, як людзі, кожны мае свой характар і голас, свае памеры і вагу: «51 пуд і 32 фунты, 10 пудоў, 6 пудоў, адзін пуд і паўпуда.» Званы прыносілі радасныя і прыемныя навіны ці паведамлялі аб бядзе.

Старажылы вёскі Ярэмічы расказваюць: «Калі гучаў самы вялікі звон, то ўсе ведалі  — адбылося нешта добрае, прыемнае ў прыходзе. Калі часта-часта сыплюцца ўдары ў вялікі звон, то прыйшла бяда» (з успамінаў Станкевіч В. М., 1930 г. нар.). «Калі адпраўлялі нябожчыка на вечны спачын, дык рабілі 12 удараў і пры гэтым абмотвалі анучкай язык галоўнага звону. Гук станавіўся прыглушаным і жалобным.» (З успамінаў Конюх Л. Д., 1931 г. нар.). Сёння на званіцы чатыры званы. З іх цэлы толькі галоўны, а тры з доўгімі прабоінамі-трэшчынамі, якія пакінула Вялікая Айчынная вайна. «У 1943 годзе немцы зрабілі ў Ярэмічах камендатуру, на званіцы — назіральную вышку з кулямётам. Партызаны-«міцькаўцы» з-за Нёмана з пушкі выбівалі фашыстаў з вёскі. Некалькі выстралаў трапіла ў званы. Яны і трэснулі». (З успамінаў Бандарык Г. У., 1930 г. нар.).

Прыпісныя і могілкавыя цэрквы

Ярэміцкая царква мела дзве прыпісныя: Сіняўска-Слабодскую, узведзеную сялянамі вёсак Антанёва і Сіняўская Слабада ў 1862 годзе, і могілкавую ў вёсцы Зарэчча, змайстраваную вернікамі Скорыч, Воўчага Балота і Зарэчча ў 1858 годзе.

Сіняўская Свята-Крыжаўзвіжанская царква «зданием деревянная крепкая, с одним небольшим в церковном переднем куполе колоколом». «Была выканана прамавугольным зрубам на падмурку, накрытым саламянай страхой і ашаляваная цёсам. Царква не захавалася. Яе разам з вёскай спалілі фашысты летам 1943 года ў час блакады Налібоцкай пушчы.

Свята-Петрапаўлаўская царква «зданием деревянная крепкая с маленьким колоколом в деревянном столбе отдельно» размешчана на могілках у вёсцы Зарэчча. Лічыцца помнікам народна-этнаграфічнага драўлянага дойлідства. Адрамантавана намаганнямі жыхароў вёскі Зарэчча.

Не захавалася Свята-Троіцкая царква на могілках вёскі Вялікая Вобрына, якая была пабудавана ў 1894 годзе.

28 снежня 1892 года асвечана Сімеонаўская (у імя Святога Сімеона) дамавая царква ў вёсцы Лядкі. Царква згарэла разам з вёскай у 1943 годзе.

Спаса-Праабражэнская царква на могілках у вёсцы Ярэмічы. Гэтая царква, па звестках аўтараў, самая старажытная на тэрыторыі прыхода. Яна ўжо дзейнічала ў 1748 годзе, таму што згодна з актам ад 1748 года, падстоліна чарнігаўская Раіна Горват завяшчала Спаса-Праабражэнскай царкве частку маёмасці. Затым «Еремичская Спасская кладбищенская церковь построена в 1871 году усердием православных жителей м. Еремичи и покойного священника Иоанна Рыбцевича. Деревянная, дерева старой приходской церкви. Колокол утвержден в преддверии храма». «Царква згарэла недзе ў 1954-1956 гадах. Тады гаварылі, што хтосьці прыбіраў могілкі і падпаліў смецце. Вось і здарыўся пажар».(З успамінаў  Бандарык Г. У., жыхаркі в. Ярэмічы, 1930 г. нар.).

Такім чынам, у Ярэміцкім прыходзе было пабудавана 6 цэркваў. З іх адна ў форме крыжа, што азначае ўваскрасенне, і 5 — у форме карабля, на якім можа пераплысці жыццёвае мора.

Капліцы Ярэміцкага прыхода

Капліца — невялікае хрысціянскае культавае збудаванне без спецыяльнага памяшкання для алтара. Капліцы ставяць на могілках для адпявання пакойнікаў, як помнік у памяць аб нейкай важнай падзеі, на месцах разбураных храмаў, калі няма магчымасці ўзнавіць іх.

У 1878 годзе драўляныя капліцы існавалі на могілках у вёсках Вялікая Вобрына, Пагарэлка, Скорычы і Новае Сяло. Усе капліцы, за выключэннем скорыцкай, не захаваліся. У Новым Сяле і Пагарэлцы яны згарэлі разам з вёскамі ў 1943 годзе, калі немцы праводзілі карныя аперацыі супраць мірнага насельніцтва. У Вобрыне, як расказваюць жыхары вёскі, капліца развалілася сама гадоў 20 таму назад. У Скорычах мясцовыя жыхары нядаўна аднавілі капліцу на свае сродкі.

У 1894 годзе ўпамінаюцца каменныя капліцы ў вёсках Новае Сяло, Ярэмічы і Баўцічы. Пабудаваная ў 1885 годзе ў Новым Сяле каменная капліца была прысвечана падзеям 19 лютага 1861 года, калі адбылася адмена прыгоннага права ў Расіі. Год узвядзення капліц у Ярэмічах і Баўцічах не ўстаноўлены, але вядома, што ярэміцкая пабудавана ў памяць аб падзеях 15 мая 1883 года (каранацыя імператара Аляксандра III), а баўціцкая — 17 кастрычніка 1888 года (крушэнне імператарскага цягніка). Захаваліся толькі дзве капліцы: у Ярэмічах і Баўцічах.

Такім чынам устаноўлена, што з 1748 па 1892 год у Ярэміцкім прыходзе было пабудавана 6 цэркваў (адна прыходская, дзве прыпісныя, дзве могілкавыя і адна дамавая), 7 капліц (тры каменныя і чатыры драўляныя). Захавалася дзве царквы (прыходская і прыпісная), дзве каменныя капліцы і адна драўляная.

Настаяцелі Ярэміцкай Свята-Ушэсцеўскай царквы

 Сапраўды, пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую пакінулі сваім нашчадкам. Сельскія святары спалучаюць шчырае служэнне ў царкве, выкананне трэб, прапаведаванне слова Божага, праваслаўных запаведзяў і асабісты прыклад змірэння перад жыццёвымі праблемамі вясковага жыцця. Іх спадчына — добрая памяць у народа.

На аснове архіўных дакументаў, кнігі У. А. Калесніка «Доўг памяці», успамінаў старажылаў склалі храналагічную табліцу «Свяшчэннікі Свята-Вазнясенскай царквы ў Ярэмічах» і ўстанавілі, што з 1850 па 1898 гады пры настаяцелях І. Ф. Рыбцэвічы і І. І. Рыбцэвічы царкоўна-прыходская жаночая школа ў Ярэмічах была прыкладам для ўсёй Мінскай епархіі. Старэйшае пакаленне ярэміччан і беларускі пісьменнік У. А. Калеснік з вялікай цеплынёю ўспамінаюць бацюшку Віталя Арсеньевіча Жалезняковіча.

Зараз прыход узначальвае іерэй Міхаіл Назарэвіч. На тэрыторыі прыхода дзве царквы: Свята-Ушэсцеўская ў Ярэмічах, могілкавая Свята-Петрапаўлаўская ў вёсцы Зарэчча і тры капліцы: дзве прыдарожныя — у Ярэмічах і Баўцічах і могілкавая ў Скорычах.

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота з адкрытых інтэрнэт-крыніц