В Кореличском районе магазины и общепит готовы к новогодним и рождественским праздникам

Ці гэта здаецца, ці на самой справе, у канцы года час прышпорвае бег, падкідвае ўсё больш клопатаў. Прыемна, што большасць з іх святочныя, ужо самім фактам свайго існавання падымае настрой. А як інакш, калі ў кожным доме будзе ёлка, а значыць трэба, каб пад ёй абавязкова ляжалі падарункі для тых, хто часта гадам насуперак усё ж такі верыць у цуды.

Афіцыйны старт ілюмінацыйнага “буйства” прызначаны на 15 снежня, але райцэнтр ужо змяняецца, а ў магазінах адчуваецца святочнасць. Карэспандэнт “Полымя” прайшлася па кропках гандлю і даведалася, што ў топе пераднавагодніх продажаў.

Навагодняя атрыбутыка і падарунак на любы кашалёк

Які Новы год без ёлкі, мандарынаў і падарункаў? Карэліцкія гандлёвыя прадпрыемствы рыхтуюцца да свята. Па папярэдніх прагнозах, лідарам сярод сувеніраў будуць драконы – бо гэта традыцыя, купляць што-небудзь з сімволікай будучага года. Драконавыя сувеніры можна знайсці на любы кашалёк – і за 2 рублі, і за 20. Палітра матэрыялаў таксама шырокая.

Навагоднія ўпрыгожванні таксама займаюць трывалую пазіцыю. Тут і ўбранства з драконамі, і класічныя навагоднія сімвалы – званочкі, шары са сняжынкамі, ёлачкі ды  Дзяды Марозы. Такія дробязі можна купіць і па 4 рублі, і па 10 рублёў за пачак. Шары ручнога роспісу ад 19 да 25 рублёў за штуку. Прадаўцы падкрэсліваюць, што асартымент святочнай атрыбутыкі яшчэ будзе папаўняцца. Сапраўдная навагодняя ліхаманка пачнецца бліжэй да сярэдзіны снежня.

У магазіне “Форум” цікаўлюся, ці шмат сярод пакупнікоў тых, хто ўжо прыходзіць за навагодняй атрыбутыкай або за падарункамі.

– Такіх пакупнікоў дастаткова. У падарунак могуць выбраць усё, што заўгодна. Добра купляюць усё з сімвалам будучага года. Кубак – універсальны падарунак, які заўсёды ў трэндзе. Таксама добрым попытам сёлета карыстаюцца падарункавыя сертыфікаты і навагодні посуд, – падзялілася загадчык гандлёвага аб’екта Юлія Логіш.

У магазіне “ТРЫцаны” таксама досыць багаты асартымент навагодняй атрыбутыкі і, як адзначылі прадаўцы, з 17 снежня спажыўцоў чакаюць навагоднія акцыі на розныя тавары.

Аматары хвойнага водару змогуць набыць жывое навагодняе дрэва на ёлачных кірмашах. Яны стартуюць у другой палове снежня.

У шырокім цэнавым дыяпазоне

Важная задача гандлю ў пераднавагодні перыяд — паклапаціцца аб тым, каб свята прыйшло ў кожны дом і населены пункт незалежна ад яго памеру.

Што тычыцца гандлёвых кропак, то ўжо на канец лістапада ў крамы гарадскіх пасёлкаў, населеных пунктаў раёна завезены салодкія навагоднія падарункі. Рознічныя кошты на такія прэзенты ад “Камунаркі” вар’іруюцца ад 9,23 рубля (0,3 кг) да 21,39 рубля (1кг); ад “Спартака“ — 10,29 рубля (0,5 кг). Радуе вока і разнастайны асартымент цукерак беларускіх вытворцаў, ён налічвае каля 50 найменняў.

Што тычыцца харчовай групы, на мой погляд, усяго хапае. Прадаўцы запэўніваюць, што бліжэй да святаў асартымент пашырыцца: на прылаўках будуць тарты, кулінарныя паўфабрыкаты, экзатычная садавіна, мясныя і каўбасныя вырабы, вэнджаніна і рыба розных гатункаў. Так, зараз сыравэнджаная каўбаса каштуе ад 24 да 28 рублёў, мяса вэнджанае — ад 21 да 30 рублёў.

Як адзначыла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Карэліцкага райвыканкама Рада Ярмола, 22 і 28 снежня, 5 студзеня на рынку ў г.п. Карэлічы  пройдуць калядныя  кірмашы, дзе кожны наведвальнік зможа купіць усё неабходнае да святаў. Зрабіць пакупкі можна будзе і ў магазіне, дзе досыць багаты асартымент тавараў і даступныя цэны. Так, у цяперашні час гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 147 гандлёвых аб’ектаў, з якіх 51 размешчаны ў сельскай мясцовасці.

Перад навагоднімі святамі спажыўцоў чакаюць акцыі на некаторыя харчовыя тавары. Ужо зараз у магазінах “Родны кут” можна набыць салодкія падарункі па зніжаным кошце.

Зазірнула ў Карэліцкі Дом рамёстваў. Тут, як расказала загадчык аддзела рамесніцкай дзейнасці Юлія Баярэнка,  можна ўзяць на пракат дзіцячы навагодні касцюм, іх каля 60 мадэляў, коштам 15 рублёў. Ёсць таксама касцюмы Дзеда Мароза і Снягурачкі, іх кошт – 45 рублёў. Тут таксама можна набыць навагоднія сувеніры ручной работы ад 3 да 30 рублёў.

Да карпаратываў гатовыя

Зразумела, аб’екты грамадскага харчавання рыхтуюцца да навагодніх аганькоў, святочных банкетаў і карпаратываў. Так, у Карэліцкім раёне паслугі грамадскага харчавання аказваюць 38 аб’ектаў. Спецыялістамі распрацаваны святочныя меню. Складана сказаць, ці распісаны цалкам снежань і навагодняя ноч ва ўсіх аб’ектах грамадскага харчавання раёна, але спяшацца варта: кафэ і рэстаран, аграсядзібы ўжо прымаюць заяўкі, і жадаючых, як заўсёды напярэдадні Новага года, дастаткова.

Так, напрыклад, у кафэ “Родные пенаты”, што ў г.п. Карэлічы, арыенціровачны кошт такіх пераднавагодніх мерапрыемстваў ад 50 рублёў. У гэтую суму ўваходзіць святочнае меню і культурна-масавая праграма.

Адпачыць сям’ёй або арганізаваць святочны карпаратыў можна і ў аграсядзібах. Іх на тэрыторыі раёна трынаццаць. Гаспадар аграсядзібы “Белый аист”, што размешчана ў в. Амневічы, Міхаіл Камароўскі расказаў:

– Калі вы вырашылі правесці ў нас карпаратыў, то святочны стол вам абыдзецца ад 80 да 100 рублёў. Акрамя гэтага, кампаніяй да 20 чалавек тут можна сустрэць Новы год. Суткі такога адпачынку – 50 рублёў за аднаго чалавека. У доме маецца восем пакояў з усімі выгодамі і гарачай вадой. Можна карыстацца тэлебачаннем, ёсць выхад у Інтэрнэт, музычны цэнтр і многае іншае. Ёсць сапраўдная лазня на дровах. На тэрасе пабудаваны дзве печы з каменя для прыгатавання юшкі, шашлыкоў і страў нацыянальнай кухні.

Можна наведаць пераднавагоднюю або святочную лазню. Для кампаніі яе кошт складзе 100 рублёў за чатыры гадзіны.

Такім чынам, прыкладна 100-120 рублёў варта закладваць у каштарыс, калі вы хочаце адзначыць свята ў кафэ ці рэстаране. Заўважу, што гэтыя сумы не вышэйшыя за мінулы год.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара