В Кореличском районе идет подготовка к благотворительным акциям «Наши дети» и «От всей души»

У Карэліцкім раёне ідзе падрыхтоўка да дабрачынных акцый ”Нашы дзеці” і “Ад усёй душы”. Пра гэта паведамілі на штотыднёвай аператыўнай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Генадзія Шатуева.

Традыцыйная акцыя “Нашы дзеці” пройдзе з 15 снежня па 15 студзеня. За гэты перыяд адбудзецца цэлы комплекс мерапрыемстваў, удзельнікамі якога стануць сотні дзяцей. Па традыцыі асаблівая ўвага будзе ўдзелена дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, дзецям, якія выхоўваюцца ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, а таксама дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам і дзецям, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Далучыцца да ўдзелу ў дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» могуць усе неабыякавыя грамадзяне. Па традыцыі актыўны ўдзел у віншаванні прымуць прадстаўнікі органаў улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў. Для юных удзельнікаў раённых навагодніх мерапрыемстваў будзе закуплена больш за 700 салодкіх падарункаў. Усяго на правядзенне раённых мерапрыемстваў у рамках акцыі выдзелена амаль 15 тысяч рублёў.

Таксама юныя жыхары Карэліцкага раёна будуць запрошаны на дабрачынныя святы з удзелам Прэзідэнта, старшыні Гродзенскага аблвыканкама, старшыні Карэліцкага райвыканкама. Рэспубліканскі навагодні баль і навагодняе прадстаўленне ў Палацы Незалежнасці збяруць дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама таленавітую моладзь.

Сёлета разам з дабрачыннай акцыяй “Нашы дзеці” пройдзе акцыя “Ад усёй душы”. Яна стартуе 3 студзеня і працягнецца да 15 студзеня. Клопатам і ўвагай будуць акружаны прадстаўнікі старэйшага пакалення, якія знаходзяцца ў стацыянарных установах сацыяльнага абслугоўвання, а таксама ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, адзінока пражываючыя пенсіянеры і доўгажыхары.

Абмеркавалі на нарадзе і пытанні бяспекі і жыццезабеспячэння насельніцтва.

— Кароткі светлавы дзень ўскладняе дарожнае становішча, таму так важна, каб нашы жыхары насілі флікеры, — акцэнтаваў Генадзій Шатуеў. — Не менш важная і пажарная бяспека. Людзям трэба пастаянна нагадваць правілы эксплуатацыі печаў. Асабліва трывожыць тое, як рызыкуюць рыбакі, выходзячы на тонкі лёд. На жаль, у рэспубліцы ахвярамі тонкага лёду ўжо сталі некалькі чалавек.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў падкрэсліў, што падчас сельскіх сходаў усе гэтыя пытанні абмяркоўваюцца з жыхарамі вёсак, каб не дапусціць трагедыі. Напярэдадні навагодніх святаў праводзіцца маніторынг асартыментнага пераліку ў магазінах: неабходна, каб радасны настрой панаваў нават у самых аддаленых кутках раёна.

Іна ЛЕЙКА