В Райцевской средней школе имени В.А. Головача встретились выпускники прошлых лет

“Шмат пройдзена, шмат перажыта. Я добра памятаю той дзень, калі ў школе было наладжана свята першага званка. Мы стаялі такія прыгожыя, перапоўненыя эмоцыямі і хваляваннямі. У паветры панаваў салодкі водар кветак. Ледзь стрымлівалі сваё хваляванне педагогі, бацькі. Яны паглядалі на нас добразычліва і спагадліва. І вось надышоў той дзень, калі ў жыцці прагучаў развітальны школьны званок. Вядома, пах бэзу нельга забыць. І ты на раздарожжы…” Такі запіс быў пакінуты ў дзённіку выпускнікамі Райцаўскай сярэдняй школы шмат гадоў назад. Тады ніхто і не ведаў, як складзецца жыццё, але цвёрда быў упэўнены ў частай сустрэчы са сваімі школьнымі сябрамі і настаўнікамі…

Па традыцыі ў першую суботу лютага школа сардэчна сустракае гасцей. Заўсёды душэўна, па-сямейнаму цёпла праходзіць гэтае мерапрыемства. І субота, 3 лютага 2024 года, не стала выключэннем. ДУА “Райцаўская сярэдняя школа імя У.А.Галавача” сабрала ў сваіх сценах выпускнікоў розных гадоў і розных пакаленняў, але ўсіх іх аб’ядноўвала адно – любоў да роднай школы і павага да настаўнікаў. Актавая зала школы поўнілася радаснымі ўсмешкамі. Героямі дня сталі, вядома ж, юбілейныя выпускі. Дырэктар Пётр Міхайлавіч Буляк азнаёміў прысутных з дзейнасцю сучаснай установы адукацыі.

Школа шчыра адгукнулася сардэчным прыёмам і цікавай праграмай. Сённяшнія школьнікі выконвалі нумары мастацкай самадзейнанасці, а выпускнікі выказвалі пажаданні роднай школе. Акунуцца ў мінулае, успомніць строгіх і адначасова добрых настаўнікаў, убачыць сябе яшчэ першакласнікамі дапамаглі фотаздымкі мінулых гадоў у аформленай фотазоне. На вечары сустрэчы прысутнічалі настаўнікі, якія шмат гадоў аддавалі дзецям свае веды і мудрасць. Сярод іх і былы дырэктар Райцаўскай школы Міхаіл Міхайлавіч Манкевіч, які заўсёды з сардэчнай цеплынёй дзеліцца ўспамінамі аб сваіх вучнях, калегах, школе.

Наша школа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Глядзіш на іх і разумееш, што праца настаўніка карысная, што на змену растуць адукаваныя спецыялісты, клапатлівыя бацькі, а самае галоўнае – добрыя і ўдзячныя людзі, якія заўсёды наведваюць вечар школьных сяброў.

Святлана ВАРАВА, настаўнік ДУА “Райцаўская сярэдняя школа імя У.А. Галавача”