Что связывает Кореличский район с Российской Федерацией?

2 красавіка 1996 года падпісаны Дагавор аб стварэнні супольнасці Расіі і Беларусі, з тых часоў гэты дзень адзначаецца як Дзень яднання народаў нашых краін. Гэта быў не новы пачатак, а толькі чарговае ўмацаванне даўно сфарміраванага саюза. У Беларусі і Расіі — агульная гісторыя. У святле апошніх падзей саюз дзвюх дзяржаў яшчэ больш умацаваўся. Стала больш трывалай  дыпламатыя дзяржаў,  разлічаная  на развіццё культурных, адукацыйных, тэхнічных, гандлёва-эканамічных сувязяў паміж краінамі. Трымае сувязь  з Расійскай Федэрацыяй і Карэліччына.

Начальнік аддзела эканомікі Карэліцкага райвыканкама Таццяна Бусько адзначае:

— Расійская Федэрацыя з’яўляецца адным з галоўных партнёраў Карэліцкага раёна. Так,  экспарт тавараў за мінулы год  склаў 3,3 млн долараў ЗША, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю — 1,7 млн долараў. Знешні гандаль паслугамі  па раёне за 2023 год склаў 1,3 млн долараў ЗША, або 222,7%,  у тым ліку экспарт у Расійскую Федэрацыю — 0,9 млн долараў ЗША, што вышэй да ўзроўню мінулага года ў 3,4 раза. Вырас у параўнанні з 2022 годам у 5,6 раза экспарт транспартных паслуг. Тэмп росту турыстычных паслуг склаў 123,5%,  камп’ютарных, тэлекамунікацыйных і інфармацыйных  — 131,2% да ўзроўню 2022 года.

Загадчык сектара культуры  Карэліцкага райвыканкама  Наталля Шпакоўская расказвае:

— Сяброўскія адносіны паміж  Карэлічамі і Краснагорскам Расійскай Федэрацыі маюць даўнюю гісторыю. З 1992 года яны толькі мацнеюць, а колькасць  візітаў і сумесных выступленняў расце. Стала добрай традыцыяй, калі моладзь з Расіі наведвае Карэліччыну напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Так,  у ліпені 2023 года  дэлегацыя з Краснагорска прымала ўдзел у святочных мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Штогод беларуская і расійская моладзь сустракаецца на творчых фестывалях і конкурсах. У верасні 2023 года творчая дэлегацыя Карэліцкага раёна наведала горад-пабрацім, дзе прыняла ўдзел у святочных мерапрыемствах, прымеркаваных да  Дня нараджэння гарадской акругі.

Таксама для нас была прадугледжана насычаная праграма з наведваннем знакавых аб’ектаў Краснагорска і  Масквы. Мы павінны ўмацоўваць гэты падмурак, робячы ўсё, каб нашы краіны квітнелі, а нашы дружалюбныя адносіны з кожным годам толькі мацнелі!

Начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама  Ірына Асташэвіч дапаўняе:

— Краснагорск Расійскай Фэдэрацыі  даўно з’яўляецца горадам-пабрацімам Карэліч. Аддзел адукацыі райвыканкама ўжо на працягу многіх гадоў падтрымлівае з краснагорцамі  сувязь ў сферы дзіцячага аздараўлення. Паміж намі падпісаны дагавор, паводле якога кожны год ажыццяўляецца абмен групамі школьнікаў падчас арганізацыі  летняга аздараўлення.  Мы адпраўляем туды на адпачынак 10-15 дзяцей і ў сваю чаргу прымаем іх моладзь, якая адпачывае ў лагеры “Вясёлка”.

Прымаючыя бакі арганізоўваюць для дзяцей пражыванне, харчаванне, вольны час на самым высокім узроўні. Розныя конкурсы, канцэрты, экскурсіі дазваляюць дзецям лепш пазнаёміцца, робяць іх адпачынак больш цікавым і займальным. Упэўнена, такія беларуска-расійскія змены дапамагаюць умацаваць сувязь пакаленняў, узмацняюць патрыятычнае выхаванне моладзі.

Кацярына  КУКАНАВА

Фота з архіва газеты  “Полымя”