Нашы славутыя землякі. Доктар тэхнічных навук Іван Леановіч

18 красавіка споўнілася б 95 гадоў Леановічу Івану Іосіфавічу – вучонаму ў галіне дарожнага будаўніцтва і прамысловага транспарту, доктару тэхнічных навук, прафесару.
Наш славуты зямляк нарадзіўся ў вёсцы Цырын Карэліцкага раёна ў 1929 годзе, дзе і скончыў школу.
З 1944 года працаваў на Брэст-Літоўскай чыгунцы і адначасова вучыўся у школе рабочай моладзі ў Баранавічах. У 1948 годзе паступіў на лесаінжынерны факультэт Беларускага лесатэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт), які скончыў у 1953 годзе і застаўся працаваць у ім асістэнтам на кафедры транспарту лесу. Паступіў у завочную аспірантуру пры Цэнтральным навукова-даследчым інстытуце механізацыі і энергетыкі лясной прамысловасці ў Хімках і ў 1961 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1962 года дацэнт кафедры транспарту лесу і дарожных машын Беларускага лесатэхнічнага інстытута, з 1963 года прарэктар інстытута па навуковай рабоце. У 1968 – 1984 гадах Іван Леановіч ў Міністэрстве вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР на пасадзе намесніка міністра. З 1974 года працаваў у Беларускім політэхнічным інстытуце (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ)): прафесар кафедры будаўніцтва і эксплуатацыі дарог, у 1979 – 2009 гадах – яе загадчык.
Па праблемах развіцця ляснога транспарту і дарожнага будаўніцтва выступаў з цікавымі і змястоўнымі дакладамі ў Польшчы, Чэхаславакіі, ЗША, Грэцыі, Аўстрыі і іншых краінах.
У 1984 – 1988 гадах знаходзіўся ў замежнай камандзіроўцы ў Рэспубліцы Куба ў якасці саветніка ў Міністэрстве вышэйшай адукацыі. Іван Іосіфавіч становіцца вядомым сярод кубінскіх спецыялістаў і грамадскіх дзеячаў.
Іван Іосіфавіч Леановіч – заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, ганаровы прафесар Маскоўскага дзяржаўнага дарожна-транспартнага універсітэта, ганаровы доктар Віленскага тэхнічнага універсітэта імя Гедыміна, акадэмік Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук і Беларускай акадэміі архітэктуры.
Яго працоўны стаж перавышае 71 год.
Вынікам працы прафесара сталі падрыхтаваныя ў БНТУ і БДТУ з яго ўдзелам тысячы інжынераў па спецыяльнасцях «Аўтамабільныя дарогі, масты, транспартныя тунэлі і метрапалітэны», «Арганізацыя і бяспека дарожнага руху», «Лесаінжынерная справа» і іншым. Ён падрыхтаваў 6 дактароў і 23 кандыдатаў навук, 7 магістраў, шэрагу даследчыкаў.
Аўтар навуковых прац ў галіне дарожнага матэрыялазнаўства, будаўніцтва, рамонту і ўтрымання дарог, тэорыі разліку зборна-разборных дарожных пакрыццяў, экалагічным маніторынгу, арганізацыі навукі і падрыхтоўкі кадраў для дарожна-транспартнага комплексу Беларусі. Яму належаць больш за 1200 навуковых і метадычных публікацый, сярод якіх манаграфіі, падручнікі, навучальныя дапаможнікі, артыкулы і іншыя выданні.
Аўтар і сааўтар шэрагу патэнтаў.
За дасягненні ў навукова-педагагічнай рабоце і актыўную грамадскую дзейнасць І. І. Леановіч быў узнагароджаны ордэнамі Айчыны II і III ступені, ордэнам «Знак Пашаны», многімі медалямі, знакамі «Ганаровы дарожнік» СНД, Украіны, Беларусі, знакам «Ганаровы транспартнік», Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Мінвузаў СССР і БССР. Яму прысвоена званне «Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР».
Заўсёды з вялікай цеплынёй гаварыў аб сваіх блізкіх, родных, калегах. Быў жанаты, выхаваў двух дачок.
Іван Іосіфавіч памёр 6 кастрычніка 2018 года ў Мінску на 90-м годзе жыцця.
Алена Макарчык,
 бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»
Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц