Ученица СШ №2 г.п. Кореличи Полина Артюх: «Хочу быть как Марина Василевская!»

12 красавіка ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшоў адзіны ўрок, прысвечаны Міжнароднаму дню палёту чалавека ў космас. У фокусе абмеркавання – першыя заваёўнікі космасу, першы касманаўт суверэннай Беларусі, уклад нашай краіны ў сусветную касмічную гісторыю, выкарыстанне “касмічнай” інфармацыі, навуковая праграма першай ў гісторыі суверэннай Беларусі жанчыны-касманаўта Марыны Васілеўскай.

 Пасля занятку пагутарыла з вучаніцай 9 класа сярэдняй школы № 2 райцэнтра Палінай Арцюх.

– Паліна, ты калі-небудзь марыла стаць касманаўтам? Чым прыцягвае гэта прафесія?

– З самага дзяцінства вобраз касманаўта быў для мяне загадкавым, таямнічым і прыцягальным. Упершыню я пачула аб прафесіі касманаўта ў дзіцячым садку. Зоркі, нязведаныя планеты раз-пораз прыцягваюць маю ўвагу.

– На тваю думку, ці лёгка быць касманаўтам?

– На першы погляд, здаецца лёгка – сеў і паляцеў, нічога складанага. Але, безумоўна, далёка не кожны чалавек зможа ім стаць, бо для гэтай прафесіі трэба мець не толькі добрыя веды, але быць адказным, здаровым, моцным і адважным чалавекам, бо, апынуўшыся ў космасе, кожную хвіліну неабходна быць гатовым сустрэцца тварам да твару з нязведанай таямніцай. Таму трэба многае ведаць і ўмець. Асабіста мне хацелася б быць на месцы нашай першай беларускай жанчыны-касманаўта Марыны Васілеўскай: паляцець у космас і ўбачыць, якая прыгожая наша Зямля, выканаць даручаныя заданні. Важна і тое, што ў Марыны была даўняя асабістая мара і яна яе рэалізавала – на вачах ва ўсяго свету наша беларуска ўзляцела вышэй за неба. Гэтым самым яшчэ раз паказала, што сёння маладым людзям нашай краіны адкрываюцца сур’ёзныя гарызонты, каб ісці наперад.

– Чаму для Рэспублікі Беларусь так важна асвоіць касмічную прастору?

– Беларусь за апошнія гады зрабіла значны прарыў у асваенні космасу. Краіна паспяхова запускае на калязямную арбіту свае спадарожнікі, рыхтуе новых касманаўтаў і актыўна ўдзельнічае ў міжнародных касмічных праграмах, умацоўваючы тым самым эканоміку і навукова-тэхнічны патэнцыял. Палёт у космас – гэта своеасаблівы сімвал адзінства навукі, тэхнікі і чалавецтва. 11 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прысвоіў Марыне Васілеўскай званне Героя Беларусі, падкрэсліўшы, што яе палёт вывеў Беларусь на новы ўзровень удзелу ў касмічных праграмах.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара