Тонкія струны душы Ірыны Кухарчык

Вышывальшчыца, каравайніца, плясуння і пявуння – гэта ўсё пра яе, Ірыну Іванаўну Кухарчык з вёскі Асташын. Менавіта ёй некалькі гадоў таму пашчасціла асабіста пагутарыць з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнка.луки 051
Аб тым, што ў хаце жыве сапраўдная майстрыха, сведчыць усё: дываны, ручнікі, карціны і фіранкі. Усё гэта прыцягвае погляд дзівосным спалучэннем рознакаляровых нітак і арыгінальнасцю аўтарскай фантазіі.
Вышываннем Ірына Кухарчык пачала займацца з дзяцінства. З захапленнем яна назірала за стараннымі рукамі маці, якія з любоўю пакідалі на ручніках і сурвэтках прыгожыя кветкі. Вышываць сама пачала больш з-за нястачы, але гэта стала адзіным на ўсё жыццё захапленнем.
– Як закончыла 7 класаў, памёр тата, – успамінае Ірына Іванаўна, – мама вырашыла так: малодшая сястра пойдзе вучыцца далей, а я на ферму. З Цырына прыязджаў дырэктар школы, прасіў за мяне, але я і сама разумела, што як старэйшая павінна падтрымаць сям’ю. Прыйшла на ферму, маленькая, благенькая, кабеты качаюць галовамі: куды такая малая? А мне 17 кароў трэба ўручную даіць, а потым 40-літровы бідон з малаком на сабе цягнуць. Так за дзень па 8 такіх бідонаў надойвала. Дадому прыйдзеш – спіны не чуеш. Крыху адпачнеш — і за вышыванне. За камплект вышытых навалачак у вёсцы давалі 5 рублёў. Гэтыя грошы я аддавала маме, а яна купляла хлеб.
На дапамогу сучасным майстрыхам прыходзяць спецыяльныя ніткі, матэрыя і інтэрнэт. Раней вясковыя жанчыны і дзяўчаты вышывалі на паркалі, а ўзоры прыдумвалі самі ці капіравалі адна ў другой. На дыванах і ручніках расцвіталі цудоўныя кветкі, з карцін глядзелі чароўныя прыгажуні, ішлі ў скокі закаханыя пары, усміхаліся дзеці. Пазней, як успамінае Ірына Іванаўна, яна, ужо замужняй жанчынай, пачала выпісваць часопіс “Работніца і сялянка”, са старонак якога яна і яе сяброўкі чэрпалі ідэі для сваіх работ. Колькі вышылі яе рукі за ўсё жыццё, яна і не прыпомніць. Шмат чаго забралі сабе дзеці і ўнукі: упрыгожылі свае сталічныя кватэры. Кожнаму ўнуку, а іх у бабулі чацвёра, яна вышыла камплекты спальнай бялізны. Любімая работа – карціна “Крыжачок” і сёння ўпрыгожвае самы вялікі і светлы пакой у хаце. Яе аўтарка вышыла за два тыдні.
– Сядзім з дзяўчатамі на вячорках да 12 ночы, вышываем, – успамінае маладосць Ірына Іванаўна, – а потым да чатырох раніцы з Валодзем (будучым мужам — аўт.) ля хаты стаім, а ў 5 ужо на ферму трэба. Маладая была спрытная, усё паспявала.
Ірына Іванаўна – яшчэ і носьбіт народнай песеннай культуры. У маладосці яна была першая завадатарка, нават у мясцовым хоры спявала, ездзіла па вёсках з канцэртамі.
– Раней замуж ішлі зусім не так, як цяпер, – расказвае жанчына, – у суботу моладзь збіралася ў хаце маладой і шыла ёй валён (вэлюм — аўт.). Дзяўчаты шылі і спявалі:
Сыбота, нядзеля настае,
Зялёная рута на стале,
А Маня дружыну збірае
І навокал століка саджае…
Як валён гатовы, яго прымяраюць маладой, а тады дзяўчатам. Потым ішлі ў клуб гуляць, назаўтра ўжо вяселле. Такі ў нас звычай быў раней.
І караваі ў Ірыны Іванаўны атрымліваліся выдатныя. Не злічыць, колькі яна спякла іх. Адзін з караваяў жанчына спякла спецыяльна да прыезду Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, які знаходзіўся з рабочым візітам у Карэліцкім раёне. Свой духмяны рукатворны цуд майстрыха з найлепшымі пажаданнямі ўручыла Прэзідэнту прама на калгасным полі.
Сёння Ірына Іванаўна жыве адна, але яна не адзінокая. Увесь час сярод людзей, а на выхадныя да яе прыязджаюць дзеці і ўнукі. Бабуля ганарыцца, што ўнучка Вольга пераняла ад яе жаданне і талент ствараць прыгажосць сваімі рукамі. А гэта значыць – не рвецца сувязь часоў і пакаленняў, асабліва калі яна звязана павагай і ніткамі для вышывання.
Іна ЛЕЙКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий